Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Еўраінтэграцыя Малдовы: міфы АНТ пра правал і факты пра рост экспарту

Праверылі, ці страціў Кішынёў гандлёвыя пазіцыі, падпісаўшы пагадненне з ЕЗ.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 24.08.2025
Малдове праз курс на еўраінтэграцыю стала цяжка збываць свае тавары, таму што Еўропе яны не патрэбныя, заявіў кіраўнік тэлеканалу АНТ Ігар Луцкі. Статыстыка паказала, што ён памыліўся.

Вядоўца праграмы «Контуры» Ігар Луцкі расказаў, як не мелі рацыі «нашы свядомыя, а за імі і “свекловидные”», якія «пладзілі змрочныя прагнозы адносна эканомікі Беларусі» праз тое, што краіна не пайшла шляхам еўраінтэграцыі. Малдова пайшла — і гэта было памылкай, падсумаваў супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканалу АНТ у эфіры 24 жніўня 2025 года. 

«Там нават выбары праводзяць, па сутнасці, з Бруселю. Прызначаюць прэзідэнтаў, паказваюць, як жыць. Паварот спінай да Расеі павярнуўся касмічнымі цэнамі на прыродны газ. Для вельмі і вельмі небагатай краіны гэта стала шокам, але еўраінтэграцыі Кішынэў не здрадзіў. Стала цяжка збываць тавары, якія нікому ў Еўропе апынуліся не патрэбныя. Змірыліся і з гэтым», — зрабіў выснову Луцкі. 

З 2014 па 2024 гады, пасля падпісання Пагадненняў пра асацыяцыю з Еўразвязам і зону вольнага гандлю, экспарт Малдовы ў ЕЗ вырас амаль удвая. Дзве траціны мясцовых тавараў ідзе ў еўрапейскім кірунку. 

Для параўнання, доля Расеі ў экспарце Малдовы — трохі большая за 3%. Тады як у 2014 годзе яна складала прыкладна пятую частку. Пасля падпісання Асацыяцыі з ЕЗ, агульны экспарт Малдовы вырас у паўтара разу — да $3,5 млрд да 2024 года. 

Для параўнання, у Беларусі экспарт за 10 гадоў вырас на 12%, але ў ЕЗ — знізіўся ўдвая, галоўным чынам праз санкцыі.