Пра чынавенскія заробкі ў Малдове дэпутат малдаўскага парламенту ад блока «Перамога» Васіль Боля распавёў 24 ліпеня 2024 года ў эфіры «Радыё Менск».
«Народ убачыў, што тыя добрыя часы, пра якія казала Мая Санду, што яны прыйдуць для ўсіх, што пенсіянеры будуць мець мінімальную пенсію 2000 леяў, яны не наступілі. Наступілі для іх міністраў, якім у 20 разоў, удумайцеся, у 20 разоў павысілі заробкі. З 15 тысяч леяў да 75-100 тысяч», — падлічыў дэпутат.
Калі б заробак малдаўскім міністрам з 15 тыс. леяў сапраўды павялічылі ў 20 разоў, то ён склаў бы 300 тыс. леяў, а не 75-100 тыс., як сказаў дэпутат. 100 тыс. леяў — гэта каля €5 тыс.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, заробак дэпутатаў і міністраў у 2018-2021 гадах складаў крыху больш за 18 тыс. леяў, а ў 2022-м вырас да 19,5 тыс. леяў. Летась міністрам паднялі аплату ў 2,5 разу, каб прыцягнуць прафесійныя кадры. На момант публікацыі яна дасягнула 50 тыс. леяў або €2,6 тыс. Пры гэтым, у прэзідэнткі, прэм'ер-міністра і дэпутатаў заробкі засталіся прыкладна тыя ж — каля тысячы еўра.
Пры Маі Санду павялічыўся і сярэдні заробак малдаванаў — з €400 да €680. У Беларусі за той жа перыяд сярэдні заробак дасягнуў больш нізкіх паказнікаў — каля €600. Беларускія дэпутаты зарабляюць больш малдаўскіх — каля €1,5 тыс. Пра заробкі міністраў у Беларусі інфармацыі мы не знайшлі.