Аб перадузятасці Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) вядоўца news.by Кацярына Ціхамірава разважала ў эфіры праграмы «Кацюшын разлік» 12 снежня 2024 года.
«Фактычна краіны-донары МКС выступаюць замоўнікамі яго расследаванняў. Напрыклад, у свеце сёння два бушуючыя канфлікты — Украіна і Блізкі Усход. <...> На расследаванне па Палестыне МКС вылучыў у 2023 годзе €944 тысячы, па Украіне — €4,5 мільярда. МКС пастараўся і выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. І адразу атрымаў яшчэ сродкі ад донара — Вялікай Брытаніі — дадатковыя €5 мільёнаў», — падлічыла Ціхамірава.
На расследаванне па Палестыне Міжнародны крымінальны суд сапраўды вылучыў менш за €1 млн. Гэта паказана ў яго праекце бюджэту на 2023 год. Там жа напісана, што на расследаванне ваенных злачынстваў ва Украіне было закладзена €4,5 мільёна, а не мільярда, як паведаміла Ціхамірава.
Суд займаўся расследаваннямі злачынстваў не толькі ў рамках гэтых двух канфліктаў, але яшчэ вёў следства ў Афганістане, Бангладэшы, Бурундзі — усяго ў дзясятку краін.
Ордар на арышт Уладзіміра Пуціна МКС выдаў 17 сакавіка 2023 года. Пасля гэтага Вялікая Брытанія не пералічвала суду дадатковыя $5 млн. Затое Лондан быў месцам, дзе прайшла міжнародная канферэнцыя, на якой краіны-ўдзельніцы сабралі амаль $5 млн для падтрымкі далейшай працы Міжнароднага крымінальнага суда ва Украіне.
Канферэнцыя прайшла праз некалькі дзён пасля рашэння аб выдачы ордара. А ўзнос самой Вялікай Брытаніі з гэтых $5 млн склаў крыху больш за $1 млн. На расследаванне магчымых злачынстваў у Палестыне адна толькі Бельгія ў 2023 годзе выдзеліла суду €5 млн.