Палякі знайшлі ва ўкраінскіх акопах фашыстаў
Іван Эйсмант у перадачы «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь-1» каб растлумачыць, чаму Пуцін пачаў вайну, вырашыў даказаць, што ў Данбасе ваявалі фашысты. І ў доказ прывёў фільм польскага тэлеканала TVP.
«Польскі тэлеканал ТВП, яго не западозрыш у асаблівай нелюбові да Украіны, хаця ёсць пытанне, паехаў і пабываў у акопах украінскай арміі і са здзіўленнем выявіў, што там ваююць фашысты. Давайце паглядзім.
Не саромеючыся, нават паказальна на камеру азаўцы ўчыняюць абстрэл сяла Шырокіна. Днём і ноччу. Страляючы з гранатамётаў зусім ужо наўздагад, гушчару пападаюць па жылых хатах. Так яны абараняюць свой народ, знішчаючы яго».
А вось як гэты эпізод насамрэч прадстаўлены ў фільме. Аднак, з фільма вынікае, што гэта былі не паказальныя абстрэлы на камеру па жылых хатах. Насамрэч байцы патрапілі пад абстрэл суперніка і абараняліся. Вось што расказвае пра гэты момант аўтар фільма ў інтэрв'ю.
«Практычна пасля прыбыцця на перадавую ў гэтых войсках склалася такая сітуацыя, што нас абстралялі. За некалькі дзясяткаў метраў ад нас адразу трапіў снарад і мы былі вымушаны кінуцца на зямлю разам з тымі салдатамі. Нам нават не прыйшлося чакаць доўга, мы адразу адчулі гэтую сітуацыю і напружанне на лініі фронту».
У фільме таксама гаворыцца, што Менскія дамовы не выконваюцца менавіта сепаратысцкімі рэспублікамі.
«Такім чынам, з аднаго боку, мы хацелі паказаць, як на практыцы выглядае спыненне агню, то бок Менскія пагадненні ад лютага 2015 года. З іншага боку, мы хацелі паглядзець у вочы людзям, якія там ваююць, якія лічацца неанацыстамі, дрэннымі».
І вось адзіная згадка ў ім пра фашыстаў:
«Падчас размовы з намі салдаты гэта адмаўлялі, падкрэслівалі свой украінскі нацыяналізм.
- На Захадзе ёсць падыход, што калі чалавек змагаецца за сваю нацыю, яго называюць нацыстам. Гэта вынік расейскай прапаганды. Яны параўноўваюць наш сімвал з рунамі, са свастыкай, з СС. Заўсёды можна нешта намаляваць і сказаць: "Глядзіце, нацысты"».