Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Залёт дронаў у Польшчу — гэта правакацыя NATO? Адказваем на пытанне польскага дэпутата і беларускага тэлеграм-канала

Сумневы пасеяў брытанскі тэлеканал Sky News.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 14.09.2025
Атака дронаў на Польшчу была ўзгодненай натаўскай правакацыяй, вынікае з посту ў тэлеграм-канале «ЖС Premium». Яго аўтары параўналі час з'яўлення дронаў на тэрыторыі краіны і вылету самалёта NATO з Нідэрландаў на дапамогу польскім вайскоўцам. Каманда Weekly Top Fake высветліла, адкуль узяліся нестыкоўкі ў гэтай гісторыі.

Тэлеграм-канал «ЖС Premium» 14 верасня 2025 года апублікаваў пост пра інцыдэнт з залётам дронаў на тэрыторыю Польшчы ў ноч на 10 верасня: 

«Дэпутат польскага Сейму і прэзідэнт аэраклубу Польшчы Уладзімеж Скалік задаўся вельмі цікавым пытаннем. “Галандскі Airbus A330 увайшоў у паветраную прастору Польшчы за гадзіну да таго, як дроны парушылі польскую паветраную прастору. Як такое магчыма, што выкарыстанне гэтага самалёта апярэдзіла атаку дронаў?” І праўда, а як так выйшла, што самалёты NATO падцягнулі яшчэ да трывогі? Няўжо ўся гэта гісторыя пра залёт дронаў у Польшчу з першага да апошняга моманту была ўзгодненай правакацыяй?» 

Да посту прымацавалі відэа з выступам польскага дэпутата Уладзімежа Скаліка. Палітык, са спасылкай на матэрыял тэлеканалу Sky News, кажа, што самалёт NATO, які адправілі на дапамогу Польшчы, вылецеў раней, чым дроны з'явіліся на тэрыторыі краіны.

Брытанскае медыя сапраўды пісала, што самалёт з Нідэрландаў вылецеў за 15 хвілін да поўначы. А першы расейскі дрон перасек мяжу Украіны і Польшчы амаль на дзве гадзіны пазней — а 00:50 па кіеўскім часе. Час з'яўлення першага дрона на тэрыторыі Польшчы аўтары матэрыялу, напэўна, узялі з посту Уладзіміра Зяленскага. 

Журналісты WTF праверылі інфармацыю праз сэрвіс для адсочвання паветраных судоў Flightradar24. Галандскі самалёт сапраўды вылецеў з аэрапорту а 23:45 па польскім часе. А з часам з'яўлення першага дрона Sky News памыліўся: а 00:50 па Кіеве — гэта на гадзіну менш, чым па Варшаве, а не на гадзіну больш, як напісана ў матэрыяле. Атрымліваецца, што самалёт вылецеў не на гадзіну раней за з'яўленне дрона, а на 5 хвілін — то бок усё роўна да з'яўлення беспілотнікаў, а не пасля. 

Тлумачэнне і гэтай нестыкоўкі журналісты WTF знайшлі. Уладзімір Зяленскі ў сваім посце напісаў прыкладны час перасячэння польскай мяжы дронамі: «Каля 00:50». А прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што, паводле дадзеных Генштабу, дроны з'явіліся яшчэ раней — каля 23:30. То бок хвілін за 15 да таго, як самалёт вылецеў з галандскага Эйндховена. Да Польшчы яму трэба было праляцець больш за 600 км, таму трапіць у польскую паветраную прастору раней за дроны ён не мог.