Антыфэйк / фактчэк

24 верасня

Тэлеграм-канал «Невальфовіч» выдаў рэпетыцыю парада за сцягванне тэхнікі NATO да беларускай мяжы

Ролік знялі мінімум за месяц да правядзення сумесных расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2025».

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 12.09.2025
Аўтары тэлеграм-каналу «Невальфовіч» паведамілі, што NATO сцягвае вайсковую тэхніку да польска-беларускай мяжы. У пацверджанне яны апублікавалі відэа з бранятэхнікай. Мы спраўдзілі, дзе і калі яго знялі.

У Беларусі з 12 па 16 верасня прайшлі сумесныя расейска-беларускія вучэнні «Захад-2025». На фоне гэтай падзеі аўтары тэлеграм-каналу «Невальфовіч» 12 верасня апублікавалі відэа з танкамі і вайсковай тэхнікай, якія нібыта скіроўваюцца да польска-беларускай мяжы.

«Тэхніка NATO працягвае канцэнтравацца ля заходніх межаў Саюзнай дзяржавы. Для Захаду беларуска-расейская вучэнні толькі зручная падстава для правакацый і напампоўкі рэгіёну натаўскімі войскамі і тэхнікай. Спачатку NATO сагнала бранятэхніку і артылерыю да нашых межаў пад выглядам змагання з уцекачамі. Зараз падставай сталі планавыя беларуска-расейская вучэнні. Да таго ж скарочаныя па колькасці і адведзеныя ўглыб краіны», — напісана ў посце.

NATO сапраўды ўзмацніла абарону на ўсходнім флангу, але не праз вучэнні Расеі і Беларусі, а ў адказ на выпадкі парушэння паветранай прасторы Польшчы і атакі дронаў у ноч на 10 верасня (фэйк на гэтую тэму мы таксама выкрылі). Праз два дні прэсавая служба NATO паведаміла, што для ўмацавання мяжы задзейнічаюць авіяцыю і сродкі СПА. Пра перакідванне танкаў ці тэхнікі не згадвалася. 

Каманда WTF высветліла, калі насамрэч знялі відэа, апублікаванае ў тэлеграм-канале «Невальфовіч». Яго выклалі ў TikTok 10 жніўня 2025-га з подпісам «Польская армія падчас рэпетыцыі парада 2025». Найхутчэй, на відэа рэпетыцыя парада да Дня Войска Польскага. Гэта значыць, што ролік знялі мінімум месяц таму, і гэта не можа быць рухам тэхнікі да беларускай мяжы падчас вучэнняў «Захад-2025.