Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Золата, тэлефоны і санкцыі: з чаго насамрэч вырас экспарт Арменіі ў Расею

На News.by завысілі долю армянскага экспарту ў ЕАЭС больш чым удвая і не ўлічылі санкцыйны рээкспарт.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 06.06.2026
На Першым інфармацыйным тэлеканале заявілі, што еўразійскі рынак паглынае да 90% гатовага экспарту Арменіі і што краіна крытычна залежыць ад Расеі і ЕАЭС. Але на дзяржавы саюзу прыпадае каля 40% армянскага экспарту. Акрамя таго, рост гандлю ў апошнія гады шмат у чым тлумачыцца перапродажам тавараў, а не павелічэннем вытворчасці ў самой Арменіі.

Кантэкст: Партыя прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыньяна «Грамадзянская дамова» атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце. На выбарах 7 чэрвеня 2026 года за яе прагаласавалі 49,75% выбарнікаў. Пералік галасоў на траціне ўчасткаў, якога патрабавала апазіцыя, істотна не змяніў вынікі. У парламент прайшлі толькі тры палітычныя сілы. Выбары называлі лёсавызначальнымі, паколькі Пашыньян абвясціў курс на ўступленне Арменіі ў Еўразвяз, а апазіцыя выступала за захаванне сувязяў з Расеяй.

У праграме «Вакол планеты» на Першым інфармацыйным тэлеканале* 6 чэрвеня 2026 года заявілі, што Арменія крытычна залежыць ад Расеі і Еўразійскага эканамічнага саюзу:

«Таваразварот Арменіі з партнёрамі па Еўразійскім саюзе перавысіў рэкордныя $7 млрд. Еўразійскі рынак паглынае да 90% армянскага гатовага экспарту. Рэспубліка крытычна залежыць ад еўразійскага збожжа і даступнага газу».

Таваразварот Арменіі з краінамі ЕАЭС ужо перавысіў $8 млрд, прычым амаль уся гэтая сума прыпадае на гандаль з Расеяй. Аднак еўразійскі — то бок пераважна расейскі — рынак паглынае не 90%, а каля 40% экспарту Арменіі. За апошнія гады гэты паказнік вырас амаль у чатыры разы. На першы погляд можа падацца, што эканамічныя сувязі Арменіі з Расеяй толькі ўмацоўваюцца. Але пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў такога росту з’явіліся свае асаблівасці.

Сярод асноўных экспартных тавараў Арменіі апынуліся золата, ювелірныя вырабы і тэлефоны. Аднак значная іх частка выраблена не ў Арменіі. Тыя ж катэгорыі — золата, тэлефоны і алмазы — уваходзяць і ў лік асноўных тавараў, якія краіна імпартуе. Гэта ўказвае на рээкспарт.

Выданне The Insider высветліла, што армянскія кампаніі такім чынам дапамагаюць Расеі абыходзіць заходняе эмбарга на гандаль золатам. У 2022 годзе ЗША забаранілі купляць расейскае золата. Пасля ўвядзення санкцыяў гандаль Арменіі з ААЭ вырас у дзясяткі разоў: як мяркуецца, праз Эміраты расейскае золата і трапляе на іншыя рынкі.

У тройку тавараў, якія Арменія пастаўляла ў Расею ў 2024 годзе, увайшлі тэлефоны, моцны алкаголь і маніторы. У 2021 годзе тэлефоны складалі толькі 0,02% армянскага экспарту ў Расею. У 2024-м іх доля вырасла да 20%. То бок аб’ём паставак павялічыўся прыкладна ў тры тысячы разоў.

Такім чынам, рост экспарту Арменіі ў Расею пасля пачатку поўнамаштабнай вайны хутчэй звязаны з санкцыйнай анамаліяй, чым са звычайным пашырэннем гандлю. Да вайны ў Расею накіроўвалася менш за траціну армянскага экспарту. На другім месцы знаходзіліся краіны Еўразвязу, на трэцім — Кітай. Таму сцвярджэнне пра крытычную залежнасць Арменіі ад расейскага рынку перабольшанае. Першы інфармацыйны тэлеканал завысіў долю экспарту ў ЕАЭС больш чым удвая, спрабуючы давесці, што еўрапейскі курс нявыгадны Арменіі.

*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.