Антыфэйк / фактчэк

Сёння

«Цікавасць да Беларусі працягвае расці». Добрая навіна пра колькасць еўрапейскіх турыстаў — насамрэч дрэнная

Вядоўца News.by распавяла, што вандроўнікаў з суседніх краін да нас прыцягваюць добры адпачынак, шопінг і медыцына.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 18.01.2026
У турыстаў з Еўропы працягвае расці цікавасць да Беларусі, падзяліліся добрай навіной у эфіры «Навін» на News.by. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што насамрэч навіна дрэнная. 

Кантэкст: У Беларусі пад канец снежня 2025 года зацвердзілі дзяржпраграму «Турызм», якая за 5 гадоў павінна дапамагчы падняць долю турызму ў эканоміцы краіны ў 2,5 разу — з 2% да 5%. З пачатку года турызм вывелі з-пад кіраўніцтва Мінспорту, зараз яго курыруе асобнае агенцтва, дзе намесніцай кіраўніка стала Анастасія Сямашка, экспертка па Кітаі і кітайскай мове. Можна выказаць здагадку, што Беларусь зараз будзе рабіць стаўку на турыстаў з Азіі.

Пра плынь турыстаў з Еўропы ў Беларусь, якая павялічылася, 18 студзеня 2026 года распавялі ў выпуску «Навін» на Першым інфармацыйным канале: 

«Турыстычная цікавасць да Беларусі працягвае расці. З пачатку года нашу краіну наведалі каля 3,5 тыс. еўрапейцаў з 38 дзяржаў, уключаных у спіс бязвізу. Большасць вандроўнікаў — суседзі з Літвы, Латвіі і Польшчы. Едуць за добрым адпачынкам, шопінгам і якаснай медыцынай».

Дадзеныя Дзяржаўнага памежнага камітэту не пацвердзілі заявы вядоўцы News.by: цікавасць не расце, а зніжаецца. На 12 студзеня 2026-га ў Беларусь з пачатку года заехалі 3362 еўрапейцы, якія прыехалі па бязвізе. Гэта на 1500 менш, чым летась, і на 3000, чым у 2024-м. Калі параўноўваць з трохгадовай даўнасцю, то менш на 10 тыс. То бок за тры гады цікавасць еўрапейцаў да нашай краіны ў час навагодніх святаў знізілася ў чатыры разы. Праўда, у 2026 годзе на наведвальнасці Беларусі гасцямі з ЕЗ магло адбіцца дрэннае надвор'е ў пачатку і сярэдзіне студзеня: былі моцныя снегапады, мароз і галалёд. 

Спад у мінулыя гады назіраўся не толькі ў час зімовых вакацый. Пасля даволі выніковага ў плане турызму 2023 года, у 2024-м у Беларусь прыехала амаль удвая менш заходніх турыстаў. У 2025-м тэндэнцыя на скарачэнне працягнулася. 

Цікавасць да Беларусі расце толькі ў расейскіх турыстаў: за мінулы год іх колькасць вырасла ў паўтара разу. Дзякуючы гэтаму дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме 2025-й назваў адным з лепшых у гісторыі беларускага турызму.