Антыфэйк / фактчэк

25 мая

«У Літвы ўсё дрэнна». На News.by занізілі інвестыцыйныя поспехі суседзяў

Ксенія Лебедзева параўнала паўгадавыя звесткі з гадавымі і атрымала карціну заняпаду.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 12.05.2026
Вядоўца Першага інфармацыйнага тэлеканалу заявіла, што ў Літве скарачаюцца інвестыцыі і памірае прамысловасць. У доказ яна прывяла звесткі пра 13 інвестыцыйных праектаў і €15 млн укладанняў. Але гэтыя лічбы адносяцца не да ўсяго 2025 года, а толькі да шасці месяцаў. Паводле вынікаў года паказнікі былі значна вышэйшыя.

Кантэкст: Літва і Польшча першымі з краін ЕЗ падпісалі з Еўразвязам пагадненне SAFE: Польшча — 8 траўня 2026 года, Літва — 9 траўня. Паводле гэтага пагаднення краіны змогуць атрымліваць буйныя крэдыты на патрэбы вайсковай абароны. У прыватнасці, Літва атрымае больш за €6 млрд, а вяртаць гэтыя грошы зможа цягам 45 гадоў. SAFE — гэта новы фінансавы інструмент ЕЗ на €150 млрд, які стварылі, каб дапамагчы еўрапейскім краінам хутка мадэрнізаваць свае арміі.

Вядоўца Першага інфармацыйнага тэлеканалу* Ксенія Лебедзева прысвяціла Літве цэлы выпуск праграмы «Гэта іншае». У эфіры 12 траўня 2026 года яна заявіла, што інвестыцыі ў краіну змяншаюцца, а прамысловасць краіны памірае.

«Эканоміка любой краіны — гэта перш за ўсё прамысловасць. Дык вось, у Літвы ўсё дрэнна з гэтым. За 2025 год у краіну зайшлі толькі 13 адносна буйных праектаў супраць 22 годам раней. Грошай — €15 млн замест амаль €240», — сказала Лебедзева.

Гаворка ідзе пра інвестыцыйныя праекты, якія прыцягнула агенцтва Invest in Lithuania. Пра гэта пісалі літоўскія медыі. Але Лебедзева выдала звесткі за шэсць месяцаў за паказнікі цэлага года. Паводле вынікаў 2025-га ў Літву зайшоў 31 інвестыцыйны праект з укладаннямі на €196 млн, а не 13 праектаў на €15 млн.

Лебедзева сцвярджае, што 2025 год быў горшы за папярэдні па інвестыцыях. Фармальна гэта праўда. Але 2024-ы быў для Літвы рэкордным: тады краіна прыцягнула 47 праектаў на €348 млн. Адной з прычын стаў пачатак будаўніцтва заводу па вытворчасці боепрыпасаў нямецкага абароннага гіганта Rheinmetall. Толькі гэты праект забяспечыў палову ўсіх інвестыцый за год. У 2025-м Invest in Lithuania вярнулася да сваіх звычайных гадавых аб’ёмаў. Пры гэтым праекты агенцтва — гэта абяцаныя інвестыцыі, якія яшчэ будуць паступова ўкладацца ў краіну.

Калі глядзець на фактычныя ўкладанні, карціна таксама не пацвярджае тэзу пра падзенне цікавасці інвестараў. За мінулы год Літва атрымала €3 млрд інвестыцый — столькі ж, колькі і годам раней.

Для параўнання: Беларусь заяўляе, што замежныя інвестары ўклалі ў краіну $7,6 млрд летась. Але гэтая сума ўключае паступленні, якія міжнародная метадалогія не лічыць інвестыцыямі і не ўлічвае. Таму наўпрост параўноўваць яе з літоўскім паказнікам нельга. Найбліжэйшы супастаўны паказнік — прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове. У Беларусі гэта менш за $2 млрд, то-бок прыкладна ўдвая менш, чым у Літве.

Паводле сумы назапашаных замежных інвестыцый у эканоміцы за ўвесь час Беларусь саступае нават невялікай Латвіі: Беларусь — €16,7 млрд, Латвія — €27,3 млрд, Літва — €35 млрд. Акрамя таго, летась прамысловасць Беларусі сышла ў мінус амаль на 2%, а ў Літве за год вырасла больш чым на 3%.

Такім чынам, Ксенія Лебедзева на Першым інфармацыйным тэлеканале занізіла інвестыцыйныя паказнікі Літвы, выдаўшы звесткі за паўгода за гадавыя. Тэза пра прамысловасць, якая памірае, таксама не пацвярджаецца: прамысловасць Літвы расце, а інвестыцыі не падаюць.

*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.