Антыфэйк / фактчэк

20 снежня

Чаму не ў Польшчу? Вядоўца News.by выявіў «анамалію» з шарамі на беларуска-літоўскай мяжы

У рубрыцы «Тэма дня» задалі пытанне, адказ на якое шмат разоў знаходзілі польскія памежнікі.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 10.12.2025
Чаму метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі залятаюць толькі ў Літву, хоць Польшча таксама мяжуе з Беларуссю? Такім пытаннем задаўся вядоўца рубрыкі «Тэма дня» на News.by. Каманда Weekly Top Fake знайшла на яго адказ.

Кантэкст: Вільня абвясціла рэжым надзвычайнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі Літвы праз паветраныя шары з кантрабандай, якія ляцяць з боку Беларусі. Гэта значыць, што вайскоўцы змогуць правяраць дакументы ў тых, хто знаходзіцца на тэрыторыі краіны, аглядаць транспарт і грузы ў ім, праводзіць асабісты ператрус ці дагляд. Як тлумачаць улады, рэжым НС увялі не на прымежных тэрыторыях, а па ўсёй краіне, бо немагчыма прадбачыць, куды занясе ветрам кантрабандныя метэазонды. 

Літоўскія ўлады не хочуць вырашаць праблемы сваіх грамадзянаў і таму абіраюць «парадыгму абложанай крэпасці, дзе з неба валяцца цыгарэты, а ва ўсім вінаваты твой сусед», заявіў вядоўца рубрыкі «Тэма дня» на Першым інфармацыйным тэлеканале Яўген Горын. Каб пацвердзіць гэту тэзу, ён прывёў у прыклад іншую суседку Беларусі.

«А вось палякі, у іх жа мяжа таксама з Беларуссю. А вось чаму туды не ляцяць шары з кантрабандай? Цэны ў ЕЗ на цыгарэты аднолькавыя. Проста анамалія нейкая», — адзначыў вядоўца. 

Насамрэч шары з кантрабандай залятаюць і ў Польшчу. Польскія памежнікі пра гэта паведамляюць рэгулярна. Напрыклад, восенню на Падляшшы за тры дні — з 19 па 21 кастрычніка — выявілі тры метэазонды з прыкладна 4500 пачкамі цыгарэт. А з пачатку года такіх знаходак было звыш 120.

У лістападзе польская памежная служба распавяла пра тры выпадкі перакідання кантрабанды на паветраных шарах. Тады выявілі нелегальных цыгарэт прыкладна на $27,5 тыс. Толькі адно Надбужанскае аддзяленне памежнай службы з пачатку 2025-га зафіксавала больш за 50 выпадкаў перакідання тытунёвых вырабаў з дапамогай метэазондаў.