Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы вясной 2025 года прайшлі на фоне рэзкага росту цэн і збяднення насельніцтва, распавялі 22 траўня ў сюжэце праграмы «Адмысловы рэпартаж» на канале News.by.
«Гэтай вясной у Польшчы падаражэла практычна ўсё: ад прадуктаў харчавання да побытавай хіміі і дзіцячых тавараў, паведамляе агенцтва PAP. Калі дакладна і ў лічбах, то цана гародніны летась вырасла на 16,6%. У 2025-м — яшчэ плюс 6%. Не моцна адстае ад гародніны і садавіна. У сярэднім за год цэны падняліся на 12,5%. Амаль плюс 6% за паўгода ў вяршковага масла, маргарыну і алею. Ну а за год іх кошт вырас амаль на 15%. Рэкардсмены — яйкі: там рост цэн аж удвая. Пры гэтым заробкі не растуць і яны ніжэй, чым у іншых краінах ЕЗ. Папулярнымі робяцца польскія сайты, якія размяшчаюць інфармацыю пра тое, у якія дні і нават гадзіны выгадней наведваць крамы. А яшчэ, дзе можна пажывіцца пратэрміноўкай», — распавялі ў сюжэце.
Частка агучаных у праграме дадзеных — рэальная. Адчувальна ў параўнанні з красавіком мінулага гады падаражэлі масла і маргарын — у сярэднім амаль на 15%. Садавіна — на 12,5%. Але цэны на гародніну выраслі прыкладна на 4%, а не на амаль 17%. Яйкі, паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, за год падаражэлі на 16,4%. І гэта самы высокі рост сярод харчовых прадуктаў. Але ён у 6 разоў меншы, чым распавялі ў сюжэце News.by.
Агулам у красавіку гадавая інфляцыя ў Польшчы дасягнула 4,2%. У Беларусі, паводле дадзеных Белстату, гэты паказнік — 6,5%. То бок амаль у паўтара разу вышэй, чым у суседзяў.
У красавіку, як паведаміла польская статыстычная служба, сярэдні заробак у прыватным сектары перавысіў €2000 у эквіваленце. За год ён вырас на 9,3%. А ў дзяржсектары, па апошніх даступных дадзеных, рост склаў 10,5% у параўнанні з мінулым годам. Польшча сапраўды саступае шмат якім краінам ЕЗ па ўзроўні аплаты працы, аднак, паводле статыстыкі Еўрастату за 2023 год, абагнала Балгарыю, Вугоршчыну, Грэцыю і Румынію.
Што да заявы пра тое, што ў Польшчы папулярныя сайты з інфармацыяй, калі выгадней хадзіць у крамы, — каманда WTF знайшла такі. Аднак гаворка там ідзе не пра зніжкі і пратэрміноўку, а пра час, калі меншыя чэргі.