Антыфэйк / фактчэк

Учора

Пентагон бляфуе? На «Радыё-Мінск» паставілі пад сумнеў абяцанне ЗША па Patriot, але не разабраліся ў тэме

Ялфімаў і Багадзель абмеркавалі пастаўкі ўзбраенняў Украіне.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 16.07.2025
Палітолаг Вадзім Ялфімаў на «Радыё-Менск» заявіў, што ў ЗША не змогуць нарасціць заяўленыя абʼёмы вытворчасці ракет для комплексаў Patriot, таму што з 80-х гадоў змаглі вырабіць толькі 1100 штук. Але дадзеныя вытворцаў ракет гэта аспрэчваюць.

Палітолаг Вадзім Ялфімаў усумніўся ў магчымасці ЗША выканаць план, па якім «у найбліжэйшыя 5 гадоў трэба вырабіць 1600 ракет» для комплексаў Patriot.

«Я тут высветліў, з пачатку 80-х гадоў вырабляліся Patriot. За ўвесь гэты час, а прайшло недзе 40 гадоў, было выраблена, ведаеце, колькі ракет? 1100 ракет. Усяго 1100 ракет, прынамсі па афіцыйнай статыстыцы. То бок, яны за 5 гадоў хочуць вырабіць тое, чаго не вырабілі за 40 гадоў. Гэта, па-мойму, выдае блеф», — сказаў Ялфімаў у эфіры «Радыё-Менск» 16 ліпеня 2025 года, абмяркоўваючы з вайсковым экспертам Андрэем Багадзелем планы паставак узбраення Украіне.

Зенітны ракетны комплекс Patriot — гэта амерыканская сістэма супрацьпаветранай абароны, якая збівае на падлёце самалёты і ракеты суперніка, у прыватнасці балістычныя. Гэты ЗРК вырабляюць толькі ў ЗША.

Кампанія Lockheed Martin, якая выпускае ракеты-перахопнікі РАС-3 для комплексу, паведаміла ў сакавіку 2025-га, што нарасціла магутнасці на траціну і вырабіла летась больш за 500 ракет. Тры гады таму яна выпускала 300 ракет у год, а да 2027-га плануе давесці вытворчасць да 650 адзінак штогод.

Таксама снарады для комплексу Patriot выпускае кампанія Raytheon. Прадпрыемства вырабляе крыху больш за дзвесце ракет тыпу PAC-2 штогод.

То бок тыя 1100 ракет, якія Ялфімаў налічыў за 40 гадоў, Lockheed Martin і Raytheon вырабілі разам за два гады.