Антыфэйк / фактчэк

Сёння

«Перасеў шточацвёрты». Як на АНТ завысілі папулярнасць электрамабіляў у Беларусі

Статыстыка паказвае: электрамабілі складаюць каля 1,5% ад легкавога аўтапарка краіны.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 04.01.2026
Напачатку студзеня ў сюжэце праграмы «Контуры» на АНТ пра змены ў правілах бязмытнага ўвозу электрамабіляў заявілі, што на экалагічны транспарт перасеў шточацвёрты кіроўца. Каманда Weekly Top Fake параўнала гэту ацэнку з дадзенымі пра зарэгістраваныя ў Беларусі электрамабілі і агульным лікам легкавых аўтамабіляў. Мы высветлілі, што на дзяржаўным тэлеканале значна перабольшылі папулярнасць электрамабіляў.

Кантэкст: Еўразійская эканамічная камісія падоўжыла бязмытны ўвоз электрамабіляў у Беларусь, Арменію і Кыргызстан да канца 2026 года. Рашэнне не датычыць Расеі і Казахстану. У нас палёгкі запрацуюць з 22 студзеня, але з некаторымі зменамі. Калі раней яны датычылі як электрычных, гэтак і гібрыдных аўто, то зараз толькі электрычных.

У сюжэце праграмы «Контуры» на тэлеканале АНТ пра тое, якія змены чакаюць беларусаў з 1 студзеня 2026 года, расказалі пра папулярнасць электрычных аўто.

«Адразу дзве навіны датычаць увозу ў краіну электрамабіляў. Раней беларусам дазвалялася набыць электрычкі без выплаты мытаў. Сярэдняя эканомія для ўласніка — 9000 рублёў — паслужыла добрым стымулам. На экалагічны транспарт перасеў шточацвёрты кіроўца», — паведамілі ў эфіры 4 студзеня 2026 года.

На пачатак мінулага года ў Беларусі было зарэгістравана крыху больш за 3 млн легкавых аўтамабіляў. Калі дапусціць, што кіроўцаў у краіне столькі ж, то выходзіць, што шточацвёрты — гэта больш за 700 тыс. Аднак, паводле дадзеных Белстату, выходзіць значна менш. Напачатку 2025 на ўсю краіну было 25 тыс. легкавых электрамабіляў. На 1 снежня — ужо 47 тыс. Гэта 1,5 % ад усяго легкавога транспарту Беларусі.

Калі дапусціць, што на АНТ мелі на ўвазе толькі тых кіроўцаў, якія купілі аўтамабілі ў 2025-м, то лік усё адно не сходзіцца. Паводле дадзеных Аўтамабільнай асацыяцыі «БАА», доля электракараў і гібрыдаў у продажах — 18%. Такім чынам, цверджанне АНТ пра тое, што «на экалагічны транспарт перасеў шточацвёрты кіроўца», не пацвярджаецца дадзенымі.