Антыфэйк / фактчэк

18 красавіка

«Рускія ідуць!» Вядоўца АНТ выдаў выдуманую гісторыю пра першага міністра абароны ЗША за праўду

Ігар Луцкі дадаў у яе некалькі фактаў ад сябе.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 07.04.2025
Краіны NATO разганяюць істэрыю ў стылі былога міністра абароны ЗША Джэймса Форэстала, які ў прыпадку ўтрапёнасці з крыкам «Рускія ідуць!» выкінуўся з акна, заявіў кіраўнік тэлеканалу АНТ Ігар Луцкі ў эфіры праграмы «Контуры». Каманда Weekly Top Fake высветліла, як насамрэч памёр Форэстал і адкуль узялася гісторыя пра рускіх.   

Кіраўнік тэлеканалу АНТ Ігар Луцкі ў праграме «Контуры» 7 красавіка 2025 года высмеяў абаронныя бюджэты краін NATO. Ён абвінаваціў чальцоў альянсу ў істэрыі і нагнятанні беспадстаўнай панікі: 

«На жаль, але даводзіцца канстатаваць, што партнёры Вашынгтона па Паўночнаатлантычным альянсе жывуць ужо ў іншым, паралельным свеце, дзе ім бачацца пагрозы: беларускія, расейскія, іранскія, ды хоць якія. І, ідучы запаветам халоднай вайны, разганяюць істэрыю ў стылі былога міністра абароны ЗША Джэймса Форэстала. Таго самага, што ў прыпадку ўтрапёнасці з крыкам “Рускія ідуць!” выкінуўся з акна. Якраз у 1949-м, праз некалькі тыдняў пасля стварэння NATO. Форэстал загінуў, сустрэўшыся не з рускімі, а з маставой». 

Гісторыя з фразай «Рускія ідуць!» — адзін з самых жывучых мемаў пачатку халоднай вайны, звязаны з Джэймсам Форэсталам, міністрам абароны ЗША таго часу. 

Нібыта ён, пабуджаны гукам пажарнай сірэны, выбег уначы з катэджа з крыкам «Рускія ідуць!». Пра гэта расказаў журналіст Дру Пірсан — зацяты супернік Форэстала, які вінаваціў яго ў радыкальнай антысавецкай палітыцы.

Форэстал сапраўды пакутаваў ад псіхічнага захворвання. Праўда і тое, што ён трымаўся цвёрдай антыкамуністычнай пазіцыі. Таму гэта гісторыя магла гучаць праўдападобна.

Як менавіта загінуў першы міністр абароны ЗША, не вядома. Па справаздачы следства, ён у той час знаходзіўся ў вайскова-медычным шпіталі, куды трапіў са знясіленнем і дэпрэсіяй з-за ператомленасці. Яго змясцілі на 16 паверсе. Сведкаў згубы не знайшлі. Санітар заўважыў, што Форэстала няма ў палаце і падняў трывогу. Ён не чуў ні шуму, ні крыкаў, у тым ліку і пра рускіх, якія ідуць. 

Довадаў, што гэта гісторыя рэальная, няма. Пра тое, што яна фэйкавая, пісалі ў тым ліку і некаторыя расейскія медыі.