Беларускія і расейскія тэлеканалы Алімпійскія гульні 2024 года не транслявалі, сачыць за спаборніцтвамі ў гэтых краінах можна было толькі на інтэрнэт-пляцоўках. Тэлеграм-канал «Шкварка News» 12 жніўня 2024 года паказаў відэа з нібыта фрагментам цырымоніі закрыцця Алімпіяды ў Парыжы, дзе гледачы з трыбун асвісталі Эмануэля Макрона, які выйшаў да мікрафона.
Пра гэта ж паведаміла газета «Аргументы і Факты», «Маскоўскі камсамолец» і спецыялізаваныя спартовыя выданні.
На трыбуне, якая патрапіла на відэа, напісана Rugby World Cup France 2023. Чэмпіянат свету па рэгбі праходзіў у Францыі ў 2023 годзе. На цырымоніі яго адкрыцця гледачы на стадыёне сапраўды асвісталі Эмануэля Макрона. Такім чынам яны выказалі сваё стаўленне да пенсійнай рэформы, якую ініцыяваў Макрон. У той час яна акурат уступіла ў дзеянне — пачалося паступовае павелічэнне ўзросту выхаду на пенсію з 62 да 64 гадоў да 2030 года, што справакавала хвалю пратэстаў па ўсёй Францыі.
Да Алімпіяды-2024 гэта відэа не мае дачынення.
Падобны фэйк пра прэзідэнта Францыі каманда WTF ужо развянчала. У канцы лютага 2024 года праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі фота Эмануэля Макрона, які нібыта ратуецца ад фермераў, якія ўварваліся ў будынак, дзе праходзіла сельскагаспадарчая выстава. Больш падрабязна чытайце тут.