Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Палітолаг Лазуткін тройчы перакруціў факты пра дэмаграфічную сітуацыю ў Польшчы

Аўтар артыкула ў «Менскай праўдзе» даў ілжывую статыстыку і пакінуў полек і палякаў без грошай у дэкрэце.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 28.11.2025
Меней за 5% палякаў хочуць трэцяе дзіця, а дэкрэтны водпуск у краіне аплочваецца толькі 4 месяцы, распавёў палітолаг Андрэй Лазуткін. Каманда Weekly Top Fake праверыла яго словы і параўнала дэмаграфічную сітуацыю ў Польшчы з беларускай. 

Кантэкст: За першае паўгоддзе 2025-га насельніцтва Польшчы скарацілася на 162 тыс. чалавек у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года — да 37,4 млн. Пры гэтым амаль на 6 тыс. павялічылася колькасць смерцяў, а дзяцей нарадзілася на 10 тыс. менш, чым летась. 

Палітолаг Андрэй Лазуткін у артыкуле для «Менскай праўды» пералічыў прычыны, праз якія нібыта выміраюць палякі. Сярод іх — рост цэн на жытло, выплаты на дзіцё «500 плюс», якія зрабілі бацькоў нахлебнікамі, але ў той жа час адсутнасць сацыяльных гарантый, без якіх жанчны адчуваюць сябе неабароненымі. Пагаршаюць, на яго думку, сітуацыю забарона абортаў і трывога праз вайну. Матэрыял пад загалоўкам «Польшча вымірае: дзяцей усё менш, бацькамі пагарджаюць. Што гэта значыць для Беларусі» апублікавалі 28 лістапада 2025 года. 

«Небяспечнейшая для дэмаграфіі другая група — гэта тыя, хто могуць [мець другое дзіцё], але не хочуць. Трэцяе дзіця не хоча зусім ніхто — такое жаданне маюць меней за 5% палякаў, але і другое заводзіць шмат хто не спяшаецца», — напісаў Лазуткін.

Мы праверылі, што паказалі вынікі апытання на гэту тэму, праведзенага ў 2023 годзе мясцовым Цэнтрам даследавання грамадскай думкі. Практычна кожны другі апытаны паляк сказаў, што хоча дваіх дзяцей, траіх і больш — амаль кожны чацвёрты. Калі падобнае пытанне ў 2024 годзе задалі беларусам, ахвотных мець траіх і больш дзяцей сярод іх было менш — 9,2%, а адно дзіця — больш, чым сярод палякаў (42,2%).

Сем'і з двума, трыма і вялікай колькасцю дзяцей у Польшчы сустракаюцца часцей, чым у Беларусі (дадзеныя па Беларусі — за 2019 год, па Польшчы — за 2021-ы).

Таксама Лазуткін у артыкуле апісаў, што з сябе ўяўляе польскі дэкрэтны водпуск: «Паняцця дэкрэтнага водпуску, як у нас, у Польшчы няма зусім — водпуск з аплатай даецца на 4 месяцы (у той час як у Беларусі — 3 гады). З дзіцём можна сядзець дома да года, але без грошай». 

Насамрэч водпуск па цяжарнасці і родах у Польшчы доўжыцца 20 тыдняў, якія аплочваюцца ў памеры 100% ад заробку маці. Потым яшчэ 41 тыдзень, з якіх 9 належыць другому з бацькоў, дзяржава аплочвае на 70% ад заробку. Схема выплат можа быць і іншай, але гэта не змяняе таго, што ў Польшчы бацькі з дзіцём да года не сядзяць без грошай. 

Таксама палітолаг падзяліўся «абуральнай навіной» пра зачыненне дзіцячых садоў у Варшаве: «А тут у самым перспектыўным горадзе Польшчы дзіцчыя садкі апынуліся не патрэбныя … Прычына ў тым, што сёлета ў сталіцы нарадзілася 11 тысяч дзяцей, тады як у 2017 было 19, а па прагнозе на 2027 будзе толькі 9».

Навіна рэальная: у старых раёнах Варшавы зачынілі некалькі садкоў. Але беларускі палітолаг наўрад ці можа назваць яе абуральнай, бо за апошнія 10 гадоў нараджальнасць у Менску скарацілася больш значна, чым у Варшаве — 124% супраць 59%. 

Іншыя статыстычныя паказнікі пацвярджаюць, што па нараджальнасці Менск заўважна адстае ад Варшавы. Напрыклад, колькасць дзяцей на адну жанчыну — 0,69 і 0,99 адпаведна. У цэлым жа нараджальнасць у Беларусі блізкая да польскай. Хоць цэны на кватэры ў нас ніжэй, аборты не забаронены, а водпуск па доглядзе за дзіцём доўжыцца 3 гады.