Антыфэйк / фактчэк

Учора

З сем'яў украінскіх уцекачоў у Польшчы будуць канфіскоўваць дзяцей? Праверылі і аспрэчылі словы Лазуткіна

Беларускі палітолаг перабольшыў пакаранне за прагулы школы.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 09.09.2025
У Польшчы з сем'яў украінскіх уцекачоў будуць масава канфіскоўваць дзяцей, калі яны не ходзяць у школу, заявіў палітолаг Андрэй Лазуткін у праграме «Займальная паліталогія». Каманда Weekly Top Fake вывучыла польскія законы і законапраекты і не знайшла там нічога пра адабранне дзяцей за прагулы. 

У Польшчы плануюць пастрожыць умовы атрымання дапамогі «800+» для замежнікаў, у тым ліку ўкраінцаў. Гэта штомесячная выплата на дзіцё ў памеры 800 злотых (прыкладна $220). З лютага 2026 яе змогуць атрымліваць толькі тыя сем'і, у якіх хаця б адзін з бацькоў афіцыйна працуе. У чэрвені бягучага года ўвялі ўмову, што дзіцё павінна хадзіць у польскую школу ці дзіцячы садок.  

У кантэксце запланаваных польскіх новаўвядзенняў палітолаг Андрэй Лазуткін у праграме «Займальная паліталогія» на тэлеканале СТБ 9 верасня 2025 года заявіў, што зараз у краіне будуць масава забіраць дзяцей з сем'яў украінскіх уцекачоў. Патлумачыў ён гэта тым, што на іх выплачваюць дапамогу, аднак яны не вучацца ў польскіх школах:

«Магчыма, іх няма ў Польшчы, але, калі яны там, іх усіх можна будзе канфіскаваць з сям'і і перадаваць на ўсынаўленне палякам, бо яны не ходзяць у школу. Таму што ў Польшчы, каб дзіцё вынялі з сям'і, бацькам не патрэбна весці асацыяльны лад жыцця, ці атрымаць судзімасць, ці не мець удома варункаў. Хопіць пропуску заняткаў больш за два тыдні без паважлівых прычын. Па стане на мінулы год, дзяцей, вынятых з сем'яў, было 77 тысяч, але дадзеныя закрытыя, невядома, якое ў іх было грамадзянства да вынятку», — распавёў Лазуткін. 

У польскім Законе аб адукацыі прапісана: калі дзіцё прапускае больш за палову заняткаў у месяц без паважлівай прычыны, гэта лічыцца невыкананнем школьнага абавязку. Але за гэта яго не забіраюць з сям'і, а караюць бацькоў штрафам.

У Сямейным і апякунскім кодэксе Польшчы сказана, што суд умешваецца ў сямейнае жыццё грамадзянаў толькі ў тым выпадку, калі дабрабыт дзіцяці пад пагрозай. Спачатку могуць далучыць куратара, абавязаць бацькоў працаваць з памочнікам сям'і ці прайсці тэрапію. А перадача дзіцяці ў прыёмную сям'ю ці інтэрнат — гэта самая крайняя мера.

Што да 77 тысяч дзяцей, вынятых з сем'яў, пра якіх згадаў Лазуткін, то пад апекай у Польшчы на канец 2024 года сапраўды знаходзілася столькі непаўналетніх. Большасць выхоўваюцца ў прыёмных сем'ях, часта ў сваякоў. Грамадзянства ў статыстыцы асобна не паказваецца, але вядома, што толькі каля 1% з іх — замежнікі. То бок менш за тысячу чалавек.

У той жа праграме Лазуткін распавёў пра праверкі легальнасці працы бацькоў-замежнікаў, якія атрымліваюць дапамогу на дзяцей: «З 30 верасня і ў бацькоў пачнуцца праверкі на працы па лініі ZUS, гэта аналаг нашага ФСАН. Будуць правяраць фікцыйнае працаўладкаванне. Напрыклад, бацькі ці маці няма на месцы, дзе яны лічацца. Таксама сітуацыя, калі дапамога з'яўляецца адзінай крыніцай прыбытку сям'і. У такім выпадку дзіцё таксама будуць канфіскоўваць».

У новым польскім законапраекце гаворка ідзе не пра канфіскацыю дзяцей, а пра спыненне выплаты дапамогі на іх — яго будуць атрымліваць толькі сем'і, дзе хаця б адзін з бацькоў працуе. Кіраванне сацыяльнага страхавання (ZUS) будзе штомесячна правяраць, ці жывуць атрымальнікі дапамогі ў Польшчы і ці былі яны ў папярэднім месяцы эканамічна актыўнымі. У адваротным выпадку сацдапамогу прыпыняць.