Антыфэйк / фактчэк

Сёння

АНТ: Палякі збілі падлетка з Беларусі праз нацыянальнасць. Спыталі ў бацькі хлопца, як было насамрэч

Каманда WTF пагаварыла з бацькам хлопчыка.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 01.12.2024
Польскія школьнікі ў Беластоку праз нацыянальную варожасць збілі падлетка з Беларусі, распавёў кіраўнік тэлеканалу АНТ Ігар Луцкі ў праграме «Контуры». Каманда Weekly Top Fake паразмаўляла з бацькам пацярпелага юнака і даведалася ягоную версію падзей. 

Пра збітага ў Польшчы падлетка з Беларусі кіраўнік тэлеканалу АНТ Ігар Луцкі распавёў 1 снежня 2024 года ў эфіры праграмы «Контуры» на АНТ. 

«Чарговая дрэнная навіна прыйшла на гэтым тыдні з польскага Беластока. І зноў, бо яны сталі рэгулярнымі. 16-гадовага юнака-беларуса збілі да страты прытомнасці. Проста так, без нагоды. Білі польскія аднакласнікі. Трое на аднаго, жорстка, па-зверску. Бацька хлопчыка падаў заяву ў паліцыю. Юнаку яшчэ пашанцавала — абышлося без цяжкіх калецтваў і ён ужо дома. І вось тут пытанне, а дома — гэта дзе? Там, дзе сям'я хлопца цяпер пражывае, у Польшчы? Ці гэта можна назваць домам? <...> Асабліва, калі аказваюцца ў краіне, дзе мігрантаў на дух не пераносяць. Дапусцім, у той жа Польшчы беларусам, як і рускім, украінцам, а таксама прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў там не рады. Таму што Польшча, калі хто не ведае, для палякаў», — падкрэсліў Луцкі.

Гісторыя пра збіццё ў Беластоку 16-гадовага беларуса — сапраўдная. Гэта адбылося ў канцы лістапада 2024 года. Нападнікаў было трое — двое непаўналетніх аднакласнікаў хлопца і адзін 22-гадовы знаёмы. Пацярпелы падлетак атрымаў траўмы галавы і носа. 

Каманда WTF пагаварыла з бацькам хлопчыка, ён папрасіў не называць яго імя, і даведалася падрабязнасці канфлікту. 

«Той хлопец, які збіў майго сына, — гэта чачэнец. І гэта былі такія, ведаеце, можна назваць, пацанскія разборкі. Ён значна старэйшы за майго сына, яму за 20 ужо, а сыну 16. Там, можна сказаць, атрымалася непаразуменне. <...> А палякі там апынуліся ў сілу збегу абставінаў», — распавёў бацька пацярпелага. 

У інтэрв'ю MOST Media бацька падлетка таксама назваў нападніка чачэнцам Ісай (выданне ўдакладняе, што не можа пацвердзіць яго нацыянальнасць), які захапляецца адзінаборствамі і шукае супернікаў. Мужчына пераказаў журналістам словы сына. Даведаўшыся, што хлопец мае досвед у барацьбе і сяброўскіх паядынках, Іса прапанаваў яму «выйсці пабароцца». Калі той пагадзіўся і выйшаў на вуліцу, Іса разам з яго польскімі знаёмымі нечакана напаў на хлопца.

Фотаздымкі, якія паказалі ў эфіры АНТ, распавядаючы пра гэты выпадак, не маюць да яго дачынення.

«Тыя фатаграфіі, якія паказалі ў сюжэце на АНТ, я не ведаю, дзе яны іх узялі, у якім архіве накапалі, прадстаўлення не маю. Гэта сто адсоткаў фэйк», — сказаў нам бацька падлетка.