Польскія памежнікі паведамілі, што колькасць спроб нелегальна трапіць у краіну з тэрыторыі Беларусі скарацілася. Магчыма, гэтаму паспрыяў закон, што працуе з канца сакавіка 2025 года, якім абмежавалі прыём заяў на прытулак. Пасля яго ўвядзення зафіксавалі ўдвая менш спроб незаконна перасекчы мяжу, чым год таму. Аднак аўтары тэлеграм-каналу «ЖС premium» настойваюць, што высілкі Польшчы па стрыманні незаконных пераходаў камічныя.
«Над непераадольным польскім плотам смяюцца ўжо і самі мігранты. Яны ўжо пачалі самі здымаць відэа, як рассоўваюць нязломную перашкоду капеечнымі дамкратамі, і публікуюць гэтыя відэа ў польскіх пабліках. … Зрэшты, усе разумеюць жа, што задача плота складалася не ў стрыманні мігрантаў, а ў забеспячэнні магчымасці папілаваць бюджэты. Таму і вынік гэтак камічны», — сказана ў посце за 29 ліпеня 2025 года.
У пацверджанне сваіх словаў аўтары тэлеграм-каналу да посту дадалі відэа, на якім бачна, як мігранты рассоўваюць пруты плота дамкратам і лёгка праходзяць праз агароджу.
Каманда WTF высветліла, чаму, нягледзячы на тое, што гэтае відэа рэальнае, паведамленне ў тэлеграм-канале яно не пацвярджае. Арыгінал апублікаваны ў профілі польскага інфармацыйнага каналу ў сацсетцы Х. Гэтаму роліку больш за год — яго знялі ў траўні 2024-га. Тады пра тое, што мігранты з дапамогай дамкрата пераадольваюць загароду на польска-беларускай мяжы, пісалі польскія медыі.
Пасля гэтага бар'ер мадэрнізавалі і ўмацавалі — ужо ў сакавіку 2025-га плот на мяжы выглядаў па-іншаму.
«Зараз цэлы фрагмент мяжы, на якім знаходзіцца гэты плот, абаронены двума металічнымі пралётамі. Раней, калі гэтых пралётаў не было, было вельмі лёгка рассунуць гэтыя вертыкальныя пруты з дапамогай аўтамабільных дамкратаў», — пракаментавалі тады сітуацыю польскія памежнікі.