Антыфэйк / фактчэк

28 мая

Сумарна перамаглі ўльтраправыя? Праверылі словы вядоўцы БТ пра сюрпрыз на польскіх выбарах прэзідэнта

Палітычная карціна ў суседзяў не змяняецца з 90-х гадоў, заявіла Кацярына Ціхамірава.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 20.05.2025
У Польшчы кандыдаты ў прэзідэнты ад ультраправых партый сумарна маюць большую грамадскую падтрымку, чым іншыя палітычныя сілы, заявіла вядоўца Кацярына Ціхамірава. Каманда Weekly Top Fake праверыла яе падлікі.

У Польшчы 18 траўня прайшоў першы тур выбараў прэзідэнта. У другі вышлі кандыдат ад ліберальна-цэнтрысцкай партыі «Грамадзянская платформа» (Platforma Obywatelska, PO) Рафал Тшаскоўскі і незалежны кандыдат, якога падтрымала права-кансерватыўная партыя «Права і справядлівасць» (Prawo i Sprawiedliwość, PiS), Караль Наўроцкі. Разрыў у колькасці набраных галасоў мінімальны: за Тшаскоўскага прагаласавалі 31,5% выбарцаў, за Наўроцкага — 29,5%. На трэцім месцы апынуўся прадстаўнік ультраправай кааліцыі кансерватыўных партый «Канфедэрацыя волі і незалежнасці» (Konfederacja Wolność i Niepodległość) Славамір Мэнцэн, за якога прагаласавалі 14,8% выбарцаў. Яго былы супартыец Гжэгаж Браўн, кандыдат з адкрыта антысеміцкімі і антыеўрапейскімі поглядамі, набраў 6,3% галасоў.

Тэму польскіх выбараў закранула 20 траўня 2025 года вядоўца праграмы «Кацюшын разлік» на канале News.by Кацярына Ціхамірава. Па выніках прэзідэнцкай кампаніі стала зразумела, што ўльтраправыя кандыдаты маюць значна большую падтрымку ў польскім грамадстве, чым іншыя палітычныя сілы, заявіла яна:

«Другому туру прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы быць. Чакана ў лідары выйшлі прадстаўнікі “Права і справядлівасці” і “Грамадзянскай платформы”. То бок палітычная карціна не змяняецца: як з 90-х дзялілі і змянялі адзін аднаго ў горна ўлады — без змен. Аднак, нечакана сюрпрыз: калі ўсіх так званых ультраправых кандыдатаў з'яднаць у адну сілу ці ў аднаго кандыдата, ён складзе не проста сур'ёзную канкурэнцыю кааліцыям [лідара “Грамадзянскай платформы” Дональда] Туска і [кіраўніка “Права і справядлівасці” Яраслава] Качынскага, а па рэйтынгах разарве як Тузік грэлку кожнага па асобнасці ці разам узятых». 

Польскія партыі «Грамадзянская платформа» і «Права і справядлівасць» з’явіліся толькі ў 2001 годзе. Галоўнымі палітычнымі сіламі краіны яны сталі з парламенцкай кампаніі 2005 года. То бок не маглі па чарзе кіраваць Польшчай з 1990-х гадоў.

Паводле калькуляцый Кацярыны Ціхаміравай, на сёлетніх выбарах польская двухпартыйнасць апынулася пад пагрозай: нібыта кандыдаты ад ультраправых партый маглі б і выйграць. Каманда WTF пераправерыла падлікі вядоўцы. Славамір Мэнцэн, які набраў амаль 15% галасоў, і Гжэгаж Браўн з вынікам крыху больш за 6% агулам атрымалі 21% галасоў. То бок нават паасобку падтрымка кандыдатаў, якія выйшлі ў другі тур, перасягае вынік ультраправых.