Пра зніжэнне антырасейскіх настрояў у краінах Усходняй Еўропы, і ў прыватнасці ў Польшчы, дырэктар Інстытуту новага грамадства, эканаміст Васіль Калташоў разважаў у эфіры рубрыкі «Тэма дня» на News.by 12 лістапада 2025 года:
«Палякі ненавідзяць зараз бандэраўцаў лютай нянавісцю і, увогуле, ставяцца да Расеі значна спакайней, чым у 2014 ці ў 2022 гадах».
Заява Калташова — толькі часткова праўда. Ён не сказаў, на якіх дадзеных грунтуецца яго выснова. Па інфармацыі Польскага цэнтру даследавання грамадскай думкі, пасля анексіі Крыму ў 2014 годзе нелюбоў палякаў да расейцаў вырасла на 8%: практычна палова апытаных тады выказваліся пра сваю антыпатыю. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне 82% апытаных негатыўна ставіліся да расейцаў. Цяпер — у 2025 годзе — гэтыя настроі падзяляюць на 10% палякаў менш, то бок 72% апытаных палякаў. А негатыўна ставіцца да ўкраінцаў за гэты час сталі ўдвая больш грамадзянаў Польшчы — 38% апытаных.
Па выніках іншага польскага апытання, якое правёў даследчы інстытут SW Research, адносіны да расейцаў таксама палепшыліся. У 2025 годзе ім не давяраў 51,7% апытаных, а летась такіх было 57,2%. Аднак расейцы ўсё адно застаюцца на першым месцы ў рэйтынгу недаверу палякаў.