Антыфэйк / фактчэк

06 лютага 2023

Палякі падтрымліваюць Расею ў вайне з Украінай, а амерыканскія танкі не могуць ездзіць па лёдзе. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»

Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк 1: Амерыканскі танк непрыдатны для выкарыстання зімой

Дата з'яўлення фэйка: 21.01.2023
Танкі M1 Abrams, якія выпускаюць ЗША, не спраўляюцца з суровымі маразамі і не прыстасаваныя да руху па снезе, сцвярджаюць аўтары тэлеграм-каналу «Невальфовіч». 21 студзеня 2023 года яны апублікавалі пра гэта пост з відэа, на якім баявая машына слізгае па лёдзе і не можа падняцца на заснежаную горку — буксуе і скочваецца.

Першакрыніца гэтай інфармацыі — расейская перадача «Весткі тыдня» з вядоўцам Дзмітрыем Кісялёвым. У ёй паказалі відэа, апублікаванае год таму на ютубе. 

Ролікі пра амерыканскую баявую машыну нельга назваць паказальнымі. У інтэрнэце можна знайсці шмат і іншых відэа, дзе M1 Abrams праходзяць па заснежаных або абледзянелых дарогах. 

Армія ЗША ў 2020-2021 гадах праводзіла іх выпрабаванні на Алясцы, рэгіёне з суровымі ўмовамі надвор'я. Паводле справаздачы, былі выяўлены некаторыя недахопы. Але пра тое, што M1 Abrams не можа праходзіць па лёдзе або снезе, там не згадваецца. 

Расейскія вайсковыя аналітыкі адзначалі, што пра ваенную тэхніку судзіць па такіх відэа нельга. Да прыкладу, журналіст і вайсковы эксперт Ігар Каротчанка мяркуе, што «амерыканскі “Абрамс" — гэта выдатная тэхніка». Пра гэта ён распавёў расейскаму парталу «ПалітРасея».

«Паступленне гэтых танкаў у склад УСУ ў дастатковай колькасці і пры наяўнасці навучаных экіпажаў з ліку ўкраінскіх вайскоўцаў створыць нам праблему, якую так ці інакш прыйдзецца вырашаць», — сказаў ваенны эксперт.

Фэйк 2: Краіны ЕЗ будуць выдаваць украінскіх мужчын, якія падпадаюць пад мабілізацыю

Дата з'яўлення фэйка: 26.01.2023
Украіна папрасіла краіны ЕЗ паведамляць пра ўкраінскіх мужчын, якія падлягаюць мабілізацыі, напісаў тэлеграм-канал «Беларуская кухня» 26 студзеня 2023 года. 

«Украіна накіравала афіцыйны зварот у краіны ЕЗ з просьбай аказання дапамогі ў вышуку, злове і перапраўцы на Украіну мужчынскага насельніцтва "незалежнай" прызыўнога ўзросту, якія хаваюцца ад мабілізацыі. Літоўцы ўжо пагадзіліся», — гаворыцца ў посце. Да яго ж у пацвярджэнне прыкладаюцца адпаведныя дакументы.

Насамрэч Літва ні на што не згаджаліся, а дакументы, апублікаваныя тэлеграм-каналам «Беларуская кухня», аказаліся фэйкавымі. Гэта пацвердзіла амбасада Украіны ў гэтай краіне. 

«Амбасада атрымала ад міграцыйнай службы Літвы інфармацыю аб спробах махляроў, што прадстаўляюцца супрацоўнікамі міграцыйнай службы Літвы, сабраць дадзеныя пра часова перамешчаных грамадзянаў Украіны ў Літве. Інтэрнэт-ашуканцы выкарыстоўваюць афіцыйна неіснуючы электронны адрас для распаўсюджвання дэзынфармацыі і спрабуюць незаконна збіраць дадзеныя пра грамадзян Украіны. <…> Увага! Звяртаем Вашую ўвагу, што такое апытанне фэйкавае. Міграцыйны дэпартамент Літвы не ствараў ніякіх анкет для збору персанальных звестак грамадзян Украіны», — напісала ўстанова ў сябе на сайце.

Пра тое, што запыты на выдачу ўкраінскіх мужчын, якія падпадаюць пад мабілізацыю, фэйкавыя, гаворыцца і на сайце амбасады Украіны ў Латвіі. 

Фэйк 3: Украінкам прапануюць зрабіць штучнае апладненне семем байцоў «Азова»

Дата з'яўлення фэйка: 28.01.2023
Ва Украіне нібыта праходзіць акцыя «Адродзім нацыю», пра сутнасць якой 28 студзеня 2023 года распавёў тэлеграм-канал «ЖС Premium».

«У Львоўскай клініцы праводзіцца ўнікальная акцыя па лячэнні бясплоддзя. Цяпер пад лозунгам “Адродзім нацыю“ ўкраінкам прапануюць падсадзіць у сябе эякулят, атрыманы рукамі неанацыстаў "Азова".

Сама клініка знаходзіцца ў Львове, на вуліцы "Герояў УПА". Правільна ж! А дзе яшчэ будучы маладанацыст можа пачаць свой жыццёвы шлях, як не на вуліцы, названай у гонар Бандэры, Канавальца і Мельніка», — гаворыцца ў посце.

Гаворка ідзе пра Львоўскую клініку «Альтэрнатыва». І такую паслугу там не аказваюць. Гэта камандзе «Лукавых навін» коратка пацвердзілі ў клініцы: «Гэта фэйк!».

Фэйк 4: У Беларусі намалявалі вокладку да польскага штотыднёвіка

Дата з'яўлення фэйка: 27.01.2023
Тэлеграм-канал «Шкварка 2.0» 27 студзеня 2023 года апублікаваў пост, нібыта з вокладкай польскага штотыднёвіка Polityka. 

«Ад падпісчыка: не з усіх караблёў пацукі могуць збегчы жывымі — з такім загалоўкам выйшаў польскі часопіс Polityka. Мабыць, палякі таксама ацанілі апошнія пацучыныя бегі ва ўкраінскіх вярхах. Не паказвайце Арастовічу», — гаворыцца ў подпісе да фота.

Часопісу з такой вокладкай не было. На фэйкавым малюнку стаіць нумар выпуску — 6 (3400), ён выйшаў 31 студзеня, гэта значыць пазней, чым апублікавалі яго псеўда-вокладку. І малюнак на ёй іншы.

Фэйк 5: Танкі Leopard 2 могуць выкарыстоўваць элементы тактычнай ядравай зброі

Дата з'яўлення фэйка: 28.01.2023
У праграме «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1» 28 студзеня 2023 года абмеркавалі пастаўкі танкаў Leopard 2 ва Украіну. Дэпутат Алег Гайдукевіч распавёў пра асаблівасці гэтых баявых машын.

«Якая была заява Расеі? Выдатна яны ведаюць, што гэтыя танкі Leopard могуць выкарыстоўваць элементы тактычнай ядравай зброі», — адзначыў Гайдукевіч і назваў гэта трывожным званком.

Мяркуючы па ўсім, Гайдукевіч казаў пра бранябойныя снарады са збедненым уранам. Ужыванне гэтага элементу выклікала спрэчкі, але ў выніку шматлікія міжнародныя арганізацыі, сярод якіх МАГАТЭ, агенцтва ААН па навакольным асяроддзі і Навуковы камітэт па рызыках для здароўя і навакольнага асяроддзя Камісіі ЕЗ, у сваіх даследаваннях не выявілі клінічна значных адхіленняў, звязаных з уздзеяннем выпраменьвання збедненага ўрану. 

У ветэранаў ваенных кампаній, дзе выкарыстоўваліся боепрыпасы са збедненым уранам, спецыфічных праблем са здароўем таксама не выявілі. 

Акрамя таго, расейскія танкі могуць выкарыстоўваць такія ж бранябойныя снарады са збедненым уранам. Пасля мадэрнізацыі, праведзенай некалькі гадоў таму, некаторыя баявыя машыны атрымалі такую магчымасць. 

Фэйк 6: Усё больш палякаў падтрымліваюць Расею ў вайне з Украінай

Дата з'яўлення фэйка: 01.02.2023
Warsaw Enterprise Institute даследаваў стаўленне палякаў да вайны Расеі супраць Украіны. Пра гэта 1 лютага 2023 года напісаў тэлеграм-канал «Шкварка 2.0» і апублікаваў сваю версію вынікаў апытання. 

Аўтары каналу пішуць, што польскіх грамадзянаў папрасілі выказацца наконт некалькіх тэзісаў: «Вайна — гэта ліберальная змова заходніх элітаў», «Калі б не экспансія NATO на ўсход, Пуцін не напаў бы на Украіну», «Уцекачы з Украіны — гэта насамрэч эканамічныя мігранты», «Мы не павінны дапамагаць Украіне, пакуль яна не пакаецца за Валынь і не асудзіць Бандэру», «Уцекачы Польшчы не па кішэні».

«У ходзе апытання высветлілася, што 51% рэспандэнтаў пагадзіліся з усімі тэзісамі, прапанаванымі ў рамках даследавання. Хоць у верасні 2022 года ў ходзе такога ж апытання іх было толькі 32%. Гэта рост на цэлых 19%. Таксама ў справаздачы адзначаецца, што больш за астатніх падтрымліваюць пазіцыю Расеі маладыя людзі ва ўзросце 25-34 гадоў».

Warsaw Enterprise Institute правёў апытанне, другое па ліку, у студзені 2023 года. Яго сэнс і вынікі былі крыху іншымі, чым піша «Шкварка 2.0». 

Мэтай даследавання было выяўленне настрояў, якія фармуюцца ў палякаў пад уздзеяннем расейскай прапаганды. Аўтары апытання агучылі людзям восем асноўных пракрамлёўскіх наратываў: «Вайна — гэта ліберальная змова заходніх элітаў, якія ў тым ліку запланавалі пандэмію», «Уцекачы з Украіны — гэта насамрэч эканамічныя мігранты», «Мы не павінны раздражняць Расею, бо ў яе ёсць ядравая зброя» ды іншыя. 

Аўтары даследавання адзначаюць рост ступені згоды палякаў з тэзісамі на карысць палітыкі Уладзіміра Пуціна ў параўнанні з вераснёўскім апытаннем. Але такія вынікі могуць быць звязаныя са стомленасцю ад вайны і яе наступстваў, а таксама з агульным негатыўным настроем, які назіраецца ў грамадстве (высокая інфляцыя, рост коштаў, асцярогі за будучыню). Пры гэтым найбольшая ступень адабрэння тэзісаў на карысць палітыкі Крамля назіраецца сярод тых, хто атрымлівае інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне і свеце, з сацыяльных сетак.

На момант апытання 41% палякаў былі згодныя як мінімум з 4 з 8 сцвярджэнняў, уключаючы 14% згодных з усімі ці амаль з усімі сцвярджэннямі. У параўнанні з вераснем мінулага года колькасць такіх адказаў павялічылася на сем працэнтных пунктаў.

У студзені 2023 года 24% палякаў былі не згодныя ні з адным з прадстаўленых сцвярджэнняў пра вайну ва Украіне, а 35% станоўча адказалі на 1-3 тэзісы.