Антыфэйк / фактчэк

21 снежня

Статыстыка без кантэксту. Вядоўца News.by назвала колькасць бедных у Нямеччыне, але не растлумачыла, што гэта значыць

Кацярына Ціхамірава заявіла, што большасць бедных — людзі, якія працуюць.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 09.12.2025
Кожны шосты немец жыве за рысай беднасці, прывяла дадзеныя статыстыкі вядоўца News.by Кацярына Ціхамірава. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што ў Беларусі і ў Нямеччыне беднасць — розныя паняцці.

Кантэкст: Дзяржаўныя беларускія і расейскія медыі пішуць, што Нямеччына згортвае святочны гандаль праз нястачу грошай. Мясцовая асацыяцыя арганізатараў калядных кірмашоў гэта аспрэчвае: сёлета гасцей чакаюць амаль на 7000 святочных пляцовак. Толькі 12 з тых, якія працавалі летась, не працягнулі ў 2025-м.

Пра «эканамічнае піке, з якога Нямеччыне з кожным днём будзе складаней выйсці», вядоўца праграмы «Кацюшын разлік» на News.by Кацярына Ціхамірава распавяла 9 снежня 2025 года:

«Кожны шосты немец — за рысай беднасці. Пры гэтым сярод іх толькі 11% не працуюць. Усе іншыя маюць прыбытак, але не могуць дазволіць сабе базавыя рэчы».

Такія высновы грунтуюцца на маніпуляцыйнай інтэрпрэтацыі статыстыкі. Ціхамірава абапіраецца на паказнік рызыкі беднасці — частцы людзей з прыбыткам ніжэй за 60% ад медыяннага. У Нямеччыне ён сапраўды складае каля 15%. Пры гэтым сам паказнік не азначае крайняй галечы ці немагчымасці забяспечыць базавыя патрэбы.

Важна ўлічваць і адрозненне метадалогіі. «Бедны» ў Нямеччыне і Беларусі — гэта розныя паняцці. У нямецкай статыстыцы да групы рызыкі беднасці адносяць усіх, чый прыбытак ніжэй €1380 у месяц. Гэта адносны паказнік, прывязаны да агульнага ўзроўню прыбыткаў у краіне. 

У Беларусі выкарыстоўваюць іншы крытэр — бюджэт пражыткавага мінімуму. Па дадзеных за 2024 год, гэта каля 400 рублёў, ці прыкладна €120 у месяц. Па гэтай методыцы за рысай беднасці ў краіне апынаецца каля 3,5% насельніцтва. Калі разлічыць паказнік для Беларусі па метадалогіі Еўрастату, то бок па сярэднедушавых прыбытках, якія мае насельніцтва, за мінулы год, то доля бедных у Беларусі адразу вырасце ў чатыры разы — амаль да 12%. За рысай беднасці апынуцца ўсе беларусы, чый прыбытак не дацягвае да 600 рублёў (каля €164) у месяц. 

Ілжывае і цверджанне пра тое, што большасць еўрапейцаў за рысай беднаты — гэта працуючыя людзі. Паводле дадзеных еўрапейскай статыстыкі, сярод бедных працуе прыкладна кожны пяты. Іншыя — гэта пенсіянеры, моладзь, беспрацоўныя, а таксама людзі, якія не ўваходзяць у рынак працы і не шукаюць працу.

Каманда WTF ужо выкрывала пераднавагодні фэйк пра Нямеччыну, які пашырыў беларускі дзяржаўны тэлеканал. Напачатку снежня вядоўца навін на СТБ Анастасія Лаўрынчук, заявіла, што краіна праз эканамічныя праблемы засталася без святочнай ілюмінацыі.