Хто павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у 2025 годзе, дыпламат і дэпутат беларускага парламенту Андрэй Савіных распавёў 9 лютага ў праграме «Тыдзень» на СТБ.
«Павіншавалі ўжо лідары краін, якія прадстаўляюць як мінімум каля 80% насельніцтва свету. Віншуюць, перш за ўсё, краіны, якія праводзяць незалежную замежную палітыку, якія выступаюць за ўмацаванне шматпалярнага свету і якія падзяляюць нашы базавыя каштоўнасці», — адзначыў Савіных. На экране паказалі спіс тых, хто павіншаваў.
Каманда Weekly Top Fake на 16 лютага 2025 года па паведамленнях у тэлеграм-канале «Пул першага» налічыла 39 краін, прадстаўнікі якіх павіншавалі Лукашэнку з новым прэзідэнцкім тэрмінам. У іх пражывае каля 3 млрд чалавек. Усяго на Зямлі — больш за 8 млрд. Атрымліваецца, 37% насельніцтва свету, а не 80%.
З лідараў еўрапейскіх краін Аляксандра Лукашэнку павіншавалі двое — прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч і сербскі член у прэзідыуме Босніі і Герцагавіны Жэлька Цвіяновіч. На момант віншавання і публікацыі яна з'яўляецца старшынёй, гэтую пасаду сябры прэзідыуму займаюць па чарзе на 8 месяцаў.