Антыфэйк / фактчэк

24 снежня

Беларускае прадпрыемства пахвалілася, што яго пажарныя лесвіцы лепшыя за нямецкія. Параўналі іх характарыстыкі

Пажарную машыну з лесвіцай беларускай вытворчасці Аляксандру Лукашэнку паказалі падчас экскурсіі па заводзе «Пажснаб» у Барысаве.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 10.12.2024
Дырэктар барысаўскага прадпрыемства па вытворчасці абсталявання для ратавальнікаў «Пажснаб» Алег Дзярабін пахваліўся Аляксандру Лукашэнку, што беларускія лесвіцы для пажарных машын лепшыя за нямецкія. Каманда Weekly Top Fake параўнала характарыстыкі айчынных і імпартных і высветліла, што Дзярабін выхваляўся дарма. 

Пажарную машыну з лесвіцай беларускай вытворчасці Аляксандру Лукашэнку паказалі падчас экскурсіі па заводзе «Пажснаб» у Барысаве. БелТА на сваім ютуб-канале 10 лістапада 2024 года размясціла відэа пра гэта. 

«І самае галоўнае, тое, чаго няма нават у нямецкіх лесвіцах, у нас грузападымальнасць калыскі 300 кг. Што гэта значыць? У нямецкіх лесвіц — 200 кг. Нашыя ратавальнікі кажуць: "Вы прыгажуны, вядома, 200 кг — гэта выдатна. Але два ратавальнікі з дыхальнымі апаратамі — гэта 200 кг. А дзе выратаваны?"» — распавёў дырэктар прадпрыемства.

Каманда WTF знайшла згаданую лесвіцу на сайце вытворцы і параўнала яе з аналагічным абсталяваннем нямецкай вытворчасці. Напрыклад, у кампаніі Magirus, вядомай інавацыйнымі сістэмамі ўздыму, рабочая вышыня лесвіцы — тыя ж 32 м, грузападымальнасць кошыка — 300 і 400 кг. Значыць у немцаў ёсць і такія ж, і нават лепшыя.

Сусветнымі лідарамі ў вытворчасці пажарнай тэхнікі лічацца аўстрыйская і фінская кампаніі. У аўстрыйскай Rosenbauer ёсць гідраўлічныя лесвіца вышынёй звыш 60 м і грузападымальнасцю кошыка да 500 кг. У фінскай Bronto Skylift прадугледжана такая ж нагрузка, але лесвіцы рэкордна высокія — звыш 110 м.