Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Вядоўца «Радыё Мінск» абвінаваціла беларускіх мігрантаў ва ўзросце злачыннасці ў Літве. Статыстыка не пацвярджае

Вікторыя Кірычэнка заявіла, што рэйтынгі злачыннасці ў краіне выраслі пасля 2020 года.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 26.01.2026
Масавы пераезд беларусаў у Літву пасля 2020 года падняў узровень злачыннасці ў краіне, заявіла ў эфіры «Радыё Мінск» вядоўца Вікторыя Кірычэнка. Каманда Weekly Top Fake вывучыла статыстыку і аспрэчыла яе словы.

Кантэкст: Офіс Святланы Ціханоўскай у 2026 годзе будзе працаваць таксама ў Варшаве, распавёў дарадца палітыка Франак Вячорка. Паводле слоў самой Ціханоўскай, Польшча прапанавала сваю дапамогу пасля таго, як улады Літвы пазбавілі яе офіс аховы. Пагрозы супрацоўнікам прыходзяць штодня. 

Сваё меркаванне пра пашырэнне Офісу Святланы Ціханоўскай на Варшаву і прычыны гэтага выказала вядоўца Вечаровага палітычнага канала Вікторыя Кірычэнка. Яна назвала адну з лідарак беларускай апазіцыі «нахлебніцай», якой літоўскія палітыкі нарэшце далі «штурхаля пад зад», і агучыла «праўдзівую прычыну выдварэння»: 

«З'явілася надзея, што яе табар рэцыдывістаў пераедзе ўслед за ёй. Нагадаем, злачынныя рэйтынгі ў Літве выраслі пасля 2020 года. А фігурантамі справы ўсё часцей рабіліся “збеглыя” беларусы», — распавяла вядоўца ў эфіры 26 студзеня 2026 года.

Узровень злачыннасці ў Літве, паводле дадзеных літоўскага МУС, у 2021-м дасягнуў самых нізкіх паказнікаў мінімум за апошнія 12 гадоў — за год зафіксавалі 42,5 тыс. заяў пра ўчыненыя злачынствы. У 2020-м таксама было зніжэнне ў параўнанні з 2019-м — з 51,4 тыс. да 46,3 тыс. З 2022-га паказнік злачыннасці трохі пагоршыўся, але ў 2025-м практычна вярнуўся да мінімальных значэнняў 2021 года. 

Што да замежнікаў, якія трапілі ў поле зроку паліцыі, такіх сапраўды стала больш: з 567 у 2020-м да 1239 у 2022-м, у 2024-м — 1078. Але замежнікаў у Літве ў цэлым стала больш, асабліва пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны: у 2020-м налічвалася 73,8 тыс., у 2024-м — 221,8 тыс.

Асобнай статыстыкі па беларусах няма. Але па агульных дадзеных бачна: да 2020 года і пасля масавага пераезду беларусаў замежнікі фігуравалі ў справах пра парушэнні права меней чым у 1% выпадкаў. Узрост да паўтара адсотка адбыўся толькі ў 2022 годзе, таму яго можна звязаць з пачаткам вайны ва Украіне. Прытым з 2024 года парушальнікаў закона сярод замежнікаў стала заўважна меней — да 0,5%.