Кантэкст: Міністр замежных спраў Літвы 18 траўня 2026 года ў інтэрв’ю швейцарскай газеце Neue Zürcher Zeitung заявіў, што пры неабходнасці ў NATO у балтыйскім рэгіёне ёсць магчымасці нанесці ўдар па Калінінградзе і зраўняць з зямлёй расейскія базы супрацьпаветранай абароны і ракетныя базы. Уладзімір Пуцін адказаў, што ў Расейскай Федэрацыі ёсць усе сродкі зраўняць з зямлёй тых, хто паспрабуе гэта зрабіць.
У эфіры «Радыё-Менск» 22 траўня 2026 года вайсковы эксперт Андрэй Багадзель адрэагаваў на заяву міністра замежных спраў Літвы і заявіў, што краіны Балтыі сталі пісьменнымі дзякуючы рускім:
«І Прыбалтыка гэтая нікому не патрэбная тысячу гадоў. Яна патрэбная была заўсёды нам. Не таму, што мы хацелі яе рабаваць, а таму што мы, выбачайце, але ў Прыбалтыцы яны сталі пісьменнымі дзякуючы рускім, якія туды прыехалі ў 40-м годзе, вызвалілі ад гэтага прыгнятальніка Смятоны».
Гэтае сцвярджэнне не адпавядае фактам. Да моманту акупацыі савецкімі войскамі краін Балтыі насельніцтва там ужо было ў асноўным пісьменным. У Эстоніі, паводле перапісу насельніцтва 1922 года, 88% жыхароў старэйшых за 15 гадоў умелі чытаць і пісаць. У Латвіі перапіс правялі ў 1925 годзе: там было ўжо 85% пісьменных жыхароў. У Літве паказнікі былі ніжэйшыя, але і там да 1941 года чытаць умелі дзевяць з дзесяці чалавек, а чытаць і пісаць — сем з дзесяці.
Больш за тое, гэтыя народы яшчэ ў складзе Расейскай імперыі былі аднымі з самых пісьменных. Першы Усерасейскі перапіс насельніцтва, праведзены за 20 гадоў да Кастрычніцкай рэвалюцыі, паказаў: у цэлым па царскай Расеі пісьменнасць насельніцтва была на ўзроўні 20%, у Маскоўскай губерні — 40%. У гэты ж час у Курляндскай губерні, то бок на землях сучаснай Латвіі, перапіс фіксаваў ужо 70% пісьменнага насельніцтва. У Эстляндскай губерні, на землях сучаснай Эстоніі, — 80%.
Прычына была не ў дабратворным уплыве рускіх, а шмат у чым у рэлігіі. У Латвіі і Эстоніі пашыраны пратэстантызм, а для пратэстантаў важна ўмець самастойна чытаць Біблію.
Такім чынам, заява Багадзеля пераварочвае гістарычную рэальнасць. Жыхары Латвіі і Эстоніі былі значна больш пісьменнымі за насельніцтва Расейскай імперыі яшчэ да прыходу савецкай улады. Таму сцвярджэнне, што рускія прынеслі пісьменнасць у краіны Балтыі ў 1940 годзе, не адпавядае фактам.