Антыфэйк / фактчэк

Сёння

На «Радыё-Мінск» выдумалі блізкаўсходнюю пагрозу для Telegram

У эфіры пераход расейцаў у Max патлумачылі тым, што Telegram нібыта залежыць ад сервераў на Блізкім Усходзе.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 23.03.2026
У эфіры «Радыё-Мінск» заявілі, што расейцы пераходзяць з Telegram у Max з-за пагрозы: быццам Іран можа знішчыць IT-інфраструктуру Блізкага Усходу, дзе нібыта знаходзяцца ключавыя серверы мэсэнджару. Аднак Telegram не захоўвае дадзеных на Блізкім Усходзе, а ўзрост аўдыторыі Max тлумачыцца зусім іншымі прычынамі.

Кантэкст: У Расеі забаранілі ўсе акцыі супраць блакавання Telegram. Нягледзячы на абмежаванні, ён стаў самым папулярным мэсэнджарам у краіне, абагнаўшы WhatsApp. З пачатку года яго аўдыторыя амаль не змянілася і перавышае 95 мільёнаў чалавек, тады як WhatsApp заўважна страціў карыстальнікаў. З тройкі лідараў толькі Max працягнуў нарошчваць аўдыторыю. У Беларусі карціна іншая: па дадзеных за 2024 год, лідаруе Viber, Telegram займае другое месца, а WhatsApp — трэцяе.

У эфіры «Радыё-Мінск» вядоўца Алёна Радоўская патлумачыла ўзрост аўдыторыі мэсэнджару Max тым, што расейцы нібыта загадзя сыходзяць з Telegram з-за рызыкі яго знікнення праз вайну на Блізкім Усходзе.

«Кожны раз, калі зʼяўляецца нейкая новая сетка, спачатку людзі да яе ставяцца досыць асцярожна, потым асвойваюць, потым улюбляюцца. А потым, прыкладам, прыходзіць паведамленне ад Ірану, калі ён агучыў ультыматум, што ў выпадку ўдараў ЗША па энергасістэме ён знішчыць усю айці-інфраструктуру Блізкага Усходу. А ўлічваючы, што Telegram, усе яго ключавыя серверы знаходзяцца менавіта на Блізкім Усходзе, і большасць дадзеных апрацоўваюцца там, то я, хіба, разумею стратэгічную, здаровую думку расейцаў: “Усе сыходзім у Мах”. Таму што, уласна, так, то бок, таму што, калі знікне Telegram, то, уласна кажучы, потым як мець зносіны, людзі, будзем?» — сказала вядоўца ў эфіры 23 сакавіка 2026 года.

Іран сапраўды заяўляў, што ў выпадку ўдару па энергетычных абʼектах краіны мэтай атакі стане «ўся энергетычная, інфармацыйна-тэхналагічная і апрасняльная інфраструктура, што належыць ЗША» у рэгіёне. Аднак гэта не азначае, што Telegram апынаецца пад наўпроставай пагрозай з-за нібыта размешчаных там сервераў.

У Telegram ёсць офіс у Дубаі, але гэтага не значыць, што там знаходзяцца яго серверы. Па афіцыйнай дакументацыі мэсэнджар выкарыстоўвае размеркаваную інфраструктуру з пяці дата-цэнтраў, кожны з якіх можа працаваць незалежна. Згодна гэтай дакументацыі, дата-цэнтры Telegram размешчаныя ў ЗША, Нідэрландах і Сінгапуры. Іншымі словамі, дадзеныя сэрвісу не засяроджаныя на Блізкім Усходзе, а сама інфраструктура выбудавана так, каб асобныя вузлы працавалі аўтаномна.

Узрост аўдыторыі Max тлумачыцца іншай прычынай. Дзяржава абавязала прадаўцоў новых прылад усталёўваць гэты мэсэнджар па змаўчанні. Пры гэтым Telegram у Расеі працягваюць запавольваць і блакаваць. Нягледзячы на гэта, карыстальнікі не спяшаюцца масава пераходзіць у айчынны мэсэнджар і шукаюць альтэрнатывы. Прыкладам, у РФ рэзка вырасла папулярнасць паўднёвакарэйскага KakaoTalk.