У Польшчы скарачаецца колькасць насельніцтва. За 2024 год яна зменшылася амаль на 160 тыс. чалавек, за апошнія пяць гадоў — прыкладна на 700 тыс. Асноўная прычына — натуральнае змяншэнне: у краіне нараджаецца менш людзей, чым памірае. У сюжэце пра гэту праблему ў эфіры праграмы «Вам тэлеграм» на «Беларусь 1» 10 траўня 2025 года заявілі, што польскі ўрад не прымае практычна ніякіх захадаў для паляпшэння сітуацыі.
«Праблема ў тым, што змяншаецца колькасць насельніцтва Польшчы не толькі праз нізкую нараджальнасць, хоць забарона на аборты застаецца адзінай мерай, якую варшаўскі рэжым распачаў у гэтай сферы. Значную ролю грае эміграцыя: шмат якія палякі, асабліва моладзь, з'язджаюць у Вялікую Брытанію і Нямеччыну, не бачачы перспектыў для сябе на радзіме», — растлумачыў закадравы голас.
Палякі сапраўды выязджаюць працаваць у іншыя краіны Еўропы. Галоўнае ўпраўленне статыстыкі Польшчы ў 2023 годзе налічыла больш за паўтара мільёна грамадзянаў, што знаходзяцца за мяжой мінімум год. Усяго, паводле дадзеных установы, у краіне на канец першага квартала 2025 гада жылі 37,4 млн палякаў.
У Польшчы дзее некалькі праграм фінансавай падтрымкі сем'яў з дзецьмі. Адна з іх — «Сям'я 800+». Раней праграма называлася «Сям'я 500+». Велічыня дапамогі, якую дзяржава плаціць штомесяц на кожнае дзіцё да яго паўналецця, як можна зразумець з назвы, роўная 800 злотым ці прыкладна €190. На такую падтрымку могуць разлічваць і замежнікі з дазволам на знаходжанне ў Польшчы. Калі падлічыць агульную суму, якую выплачваюць на кожнае дзіцё за 18 гадоў, атрымаецца больш за €40 тыс.
Яшчэ адна мера падтрымкі бацькоў — праграма «Актыўныя бацькі». Па ёй апякун дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў можа разлічваць на дадатковую падтрымку да 1,5 тыс. злотых (больш €350).
У Беларусі, для параўнання, дапамога па доглядзе за дзіцём выплачваецца толькі да трохгадовага ўзросту, а аднаразовую фінансавую падтрымку — так званы «Сямейны капітал» у памеры амаль €10 тыс. — даюць толькі пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей.
Па нараджальнасці Беларусь не абганяе Польшчу. У 2024 годзе, паводле дадзеных Белстата, на 1000 чалавек у нас нарадзілася 6,5 дзіцяці. У Польшчы гэты паказнік можа быць на дзве дзясятыя вышэй, то бок 6,7 дзіцяці на 1000 чалавек. У пераліку на сто жанчын сітуацыя прыкладна такая ж: у Беларусі паказнік 108 дзяцей, у Польшчы, па папярэдніх падліках, — 111 дзяцей.
Тэму дэмаграфіі абмеркавалі і на тэлеканале СТБ. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Малашка ў эфіры ток-шоу «Па сутнасці» 12 траўня 2025 года сказаў, што ў Беларусі не пагаршаецца сітуацыя з нараджальнасцю дзякуючы дзеянням урада:
«Тая магутная дзяржаўная сямейная палітыка, якая праводзіцца ў нас у краіне, яна дазваляе як мінімум на сённяшні дзень стабілізаваць сітуацыю».
Аднак статыстыка кажа пра зваротнае: 10 гадоў назад 100 жанчын нараджалі 167 дзяцей, а ў 2024-м — 108.
Напэўна, дэпутат Малашка меў на ўвазе, што стабілізаваць нараджальнасць атрымалася апошнім часам. Але і гэта не пацвярджаецца лічбамі. У той жа студыі СТБ у кастрычніку 2023 года намеснік дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» па акушэрстве і гінекалогіі Алена Гашкевіч сказала:
«Калі казаць пра сухую статыстыку, то магу сказаць, што, прыкладна, мы маем кожны год падзенне нараджальнасці прыблізна на 10%. І ў 2019-м, і ў 2020-м, і ў 2021-м, і ў 2022-м. І ў 2023-м мы чакаем тыя ж мінус 10%».
За апошнія 10 гадоў — з 2014-га па 2024-ы — колькасць нованароджаных беларусаў скарацілася ўдвая.