Фэйк №1: На мурале ў Кіеве адлюстравалі ваяра УСУ, які «афігеў ад жыцця на Украіне»
Расейскія праўладныя журналісты Вольга Бялова і Міхаіл Шахназараў абмеркавалі маральны дух і фізічны стан ваяроў УСУ. І жывых, і тых, хто намаляваны на памятных муралах. Вядоўцы 25 жніўня ў эфіры праграмы «Добры дзень, таварышы!» на тэлеканале «Зорка» выказаліся пра выяву на будынку, які знаходзіўся за спінай Уладзіміра Зяленскага, калі той звяртаўся да народу ў гонар Дня Незалежнасці Украіны 24 жніўня.
— А чаго гэта з цыгарэтай стаіць гэта там баец? — спытаў Шахназараў.
— Афігелы баец УСУ, які глядзіць на Зяленскага і кажа: «Госпадзі, да чаго ты давёў краіну?». Ну, вось гэты вось мурал, вядома, таксама вельмі паказальны. Відавочна негераічнага выгляду персанаж намаляваны, а нейкі афігеўшы ад жыцця на Украіне. Гэта відавочна баец стомлены ўжо ад усяго, адпусціце мяне, вярніце мяне... — дадала Бялова.
Імя ўкраінскага ваяра, намаляванага на мурале, — Аляксандр Мацыеўскі. Ён служыў у тэрабароне. Узімку з 2022-га на 2023 год Мацыеўскі ўдзельнічаў у баях на поўначы ад Бахмуту, у выніку якіх трапіў у расейскі палон. У сакавіку 2023-га ў сеціве распаўсюдзілася відэа, на якім Аляксандра расстралялі расейцы. Перад смерцю ён паспеў выгукнуць ўкраінскі нацыянальны лозунг «Слава Україні!».
З цыгарэтай у роце Аляксандр Мацыеўскі намаляваны таму, што ён паліў, калі яго забілі. Па словах яго таварышаў па службе, баец быў заўзятым курцом. Праз гэта цыгарэта стала часткай вобразу загінулага.
Гэты, па словах Бяловай, «негераічнага выгляду персанаж», быў пасмяротна ўдастоены звання Героя Украіны.