Антыфэйк / фактчэк

09 красавіка

БНФ і Пазняк прызналі вынікі галасавання па пытанні інтэграцыі з Расеяй? Праверылі

Палітолаг Андрэй Лазуткін расказаў пра першы ў гісторыі незалежнай Беларусі рэферэндум.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 01.04.2025
Галасаванне на рэферэндуме ў 1995 годзе па пытанні эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі прызнала нават партыя Беларускі Народны Фронт, у тым ліку яе лідар Зянон Пазняк, заявіў палітолаг Андрэй Лазуткін. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што з гэтай нагоды казаў апазіцыянер насамрэч.

Пра падзеі трыццацігадовай даўніны палітолаг Андрэй Лазуткін згадаў 1 красавіка 2025 года ў праграме «Займальная паліталогія» на СТБ, распавядаючы пра Саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі як пра прыклад паспяховай інтэграцыі.

«Лукашэнка ў 1995 годзе вынес пытанне інтэграцыі на рэферэндум. І ён вырашаўся падлікам галасоў, а не мітынгам і контрмітынгам, як на Майдане. Апроч таго, вынікі першых рэферэндумаў і сваю паразу ў Беларусі тады прызналі празаходнія сілы: той жа БНФ і Зянон Пазняк», — сказаў Лазуткін. 

Насамрэч Зянон Пазняк, на той момант лідар найбуйнейшага апазіцыйнага руху Беларускі Народны Фронт, крытыкаваў галасаванне за мноства парушэнняў, назваў яго праявай вонкавай палітыкі імперскіх колаў Расеі, якія паспяхова вядуць інтэнсіўную халодную вайну супраць Беларусі. 

«Папярэднія звесткі, атрыманыя намі, сведчаць, што ў правінцыі і ў вёсцы выбары і галасаванне па пытаннях рэферэндуму сфальсіфікаваны. <…>

Першы тур выбараў і галасаванне на рэферэндуме выразна паказалі, што аўтарытарны захоп улады (дакладней, дзяржаўны пераварот), пачаты пракамуністычным прэзідэнцкім путчам 12 красавіка 1995 года, працягваецца. Гэтыя людзі растапталі законы, мараль і дамагаюцца сваіх мэт напралом, любымі сродкамі», — цытавала палітыка выданне «Свабода».

У 1995 годзе Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў правядзенне рэферэндуму, на які вынес пытанні пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй, наданне рускай мове статусу дзяржаўнай і вяртанне сцяга і герба савецкага ўзору. Парламент прагаласаваў за вынясенне на галасаванне пункт пра інтэграцыю з Расеяй, але супраць усіх іншых, якія прапанаваў Лукашэнка, бо яны супярэчылі Канстытуцыі. 19 дэпутатаў БНФ, у тым ліку Зянон Пазняк, на знак пратэсту абвясцілі галадоўку і адмовіліся пакідаць будынак парламенту. Аднак уначы супрацоўнікі праваахоўных органаў сілком выправадзілі іх з будынку, пры гэтым збіўшы. Пасля гэтага Вярхоўная рада пагадзілася вынесці на рэферэндум усе прапанаваныя Лукашэнкам пытанні. 

У 1996–1997 гадах беларусы масава пратэставалі супраць інтэграцыйных пагадненняў з Расеяй. Падчас перамоў Масквы і Менску па гэтым пытанні, паводле слоў сведкаў таго часу, выбралі меней глыбокі варыянт інтэграцыі. Пра гэта сказаў і сам Лазуткін, але патлумачыў такое рашэнне не пратэстамі: 

«Ельцыным адразу пачалі маніпуляваць на прадмет таго, што, калі інтэграцыя занадта паглыбіцца, Лукашэнка нібыта зможа прэтэндаваць на долю ўлады ў Крамлі. Таму саюзная дамова мела некалькі варыянтаў, але штораз гэтыя варыянты дапускалі ўсё меншую ступень інтэграцыі».