Антыфэйк / фактчэк

Сёння

«Працягваюць араць на рэтра». Як «ЖС Premium» няслушна ацаніў літоўскіх фермераў па фота з акцыі

…і параўнаў іх тэхніку з беларускай і расейскай.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 26.06.2025
«Тэхніка ў іх — гэта топчык!» — напісалі аўтары «ЖС Premium» пра літоўскіх фермераў. Нагодай сталі старыя трактары на пратэсце ў Вільні. Журналісты праграмы Weekly Top Fake высветлілі: арганізатары адмыслова прывезлі рэтра-машыны.  

У чэрвені 2025 года Сейм Літвы ўхваліў падвышэнне падаходнага падатку для найболей забяспечаных пластоў насельніцтва. Навіна закранула і буйных фермераў. 26 чэрвеня яны выйшлі да будынку парламенту з пратэстам, з сабой узялі сельскагаспадарчую тэхніку. Тэлеграм-канал «ЖС Premium» выкарыстаў фотаздымкі з акцыі для крытыкі літоўскай сельскай гаспадаркі:

«Калі шчыра, тэхніка ў іх — гэта топчык! У Беларусі і Расеі аднагодкі гэтых трактароў і цягачоў даўно згнілі і замест іх працуюць новыя. А там працягваюць араць на рэтра, якое дасталася ім яшчэ ў часы праклятай “акупацыі”», — напісалі аўтары тэлеграм-каналу ў дзень акцыі.

На пратэст фермеры сапраўды прывезлі 20 старых трактароў. Адзін з арганізатараў акцыі патлумачыў:

«Жыхары гораду заўсёды ўказваюць нам на тое, што мы працуем з новай тэхнікай, але мы хочам паказаць і тое, з дапамогай чаго мы будавалі свае фермы».

То бок рэтра-тэхніку прывезлі наўмысна — як знак пройдзенага шляху, а не дэманстрацыю бягучага стану галіны.