Расейскія войскі 12 сакавіка 2025 года занялі горад Суджа ў Курскай вобласці. Яны праніклі ў тыл УСУ праз пустую трубу газаправоду даўжынёй амаль у 14 км. Часова выконваючы абавязкі губернатара Курскай вобласці Аляксандр Хінштэйн заявіў, што гэты манеўр дапамог прарваць пазіцыі ўкраінскіх войскаў. Пасля гэтай падзеі тэлеграм-каналы «Беларускі сілавік» і «Зямля наша» апублікавалі фота з аб'явай, у якой жыхароў Львова просяць не хвалявацца, што расейцы могуць трапіць да іх у дом па газавай трубе.
«Анекдот дня. У Львове народ так уразіўся расповедам пра тое, як у Суджы расейцы зайшлі ў тыл праціўніка па газатранспартавай трубе, што рэальна асцерагаюцца паўтарэння падзей у сябе ўдома. Службу Львоўгаза проста паралізавала ад званкоў, якія паступаюць ад занепакоеных грамадзян», — напісалі ў посце аўтары тэлеграм-каналу «Зямля наша».
Каманда WTF не знайшла арыгінал фотаздымку з аб'явай. Аднак даказаць, што гэта фотамантаж, нам усё ж удалося.
Па-першае, аб'ява, размешчаная на фота над зваротам «Львоўгаза», паведамляе пра акцыю «Твая энерганезалежнасць», якая стартуе 15 жніўня. Мы спраўдзілі: акцыя з такой назвай праходзіла ва Украіне ў 2020 годзе акурат з 15 жніўня.
У аб'яве збоку гаворыцца, што з 16 сакавіка цэнтр абслугоўвання кліентаў зачынены, паслугі прадстаўляюцца дыстанцыйна. Гэтую інфармацыю апублікавалі ў сакавіку 2020 года падчас каранціну ў Львове праз эпідэмію каронавірусу.
Нумары тэлефона пад аб'явай сапраўды лічацца на «Львоўгазе». Значыць арыгінальны фотаздымак быў зроблены ў Львове, але пяць гадоў таму.