Антыфэйк / фактчэк

Сёння

«Лепш за натаўскую». На «Радыё-Менск» перабольшылі поспех беларускай вайсковай аптэчкі

Палкоўнік Бузін заявіў, што расейскія вайскоўцы ўзялі яе на ўзбраенне. Але ў Расеі выкарыстоўваюць уласныя аптэчкі, сабраныя па іншай логіцы.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 02.04.2026
У эфіры «Радыё-Менск» заявілі, што беларуская аптэчка сучаснага ўзору не толькі лепшая за натаўскую, але і ўжо прынята на ўзбраенне ў Расеі. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што расейская армія выкарыстоўвае ўласныя аптэчкі, а беларуская версія адрозніваецца ад іх перадусім больш пашыраным і ўніверсальным наборам сродкаў.

Кантэкст: 3 красавіка 2026 года YouTube выдаліў каналы інфармацыйнага агенцтва БелТА, тэлеканалаў СТБ і АНТ. Прычыны не ўдакладнілі. Беларускія дзяржаўныя медыі назвалі гэта новай фазай інфармацыйнай вайны супраць Беларусі і заклікалі заблакаваць YouTube у краіне. За два дні да гэтага, 1 красавіка, Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з вайскоўцамі патэнцыял узброеных сіл у вайне рэальнай. Ён правёў нараду, дзе падвёў вынікі комплекснай праверкі, якая ідзе са студзеня. Палітык прызнаўся, што застаўся незадаволены яе вынікамі, але не хоча паказваць ворагам «усё паскудства», якое ёсць у арміі, і запатрабаваў навучыць людзей ваяваць так, каб яны маглі выжыць на вайне.

Абмяркоўваючы 2 красавіка 2026 года нараду ў Лукашэнкі па выніках праверкі ўзброеных сіл, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і палкоўнік Мікалай Бузін у эфіры «Радыё-Менск» загаварыў пра тое, што дзяржава дала арміі:

— Гэта адпаведныя распрацоўкі ВПК, якія ў нас, дзякуй богу, не самыя дрэнныя…

— Нават аптэчкі сучаснага ўзору, не горш за натаўскіх, помніце… — падтрымаў вядоўца Андрэй Крывашэеў.

— Я вам скажу больш: яна лепшая за натаўскую. І нашы расейскія калегі ўзялі яе да сябе на ўзбраенне, у тым ліку, убачыўшы, наколькі мы прасунуліся ў гэтым пытанні і прадумалі пытанне, — падагульніў Бузін.

Гаворка ідзе пра аптэчку, распрацаваную ў Беларусі ў 2022 годзе. Тады пра яе распавядаў і Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго словаў, малодшы сын Мікалай паказаў яму натаўскую аптэчку, якасці якой беларуская значна прайгравала, пасля чаго за некалькі месяцаў у Беларусі стварылі новую версію, якая, як сцвярджаў Лукашэнка, апынулася лепш за натаўскую.

У 2023 годзе партыю гэтых аптэчак сапраўды перадалі расейскім вайскоўцам. Аднак сама па сабе такая перадача яшчэ не азначае, што аптэчку прынялі на ўзбраенне.

Беларуская аптэчка ўключае каля двух дзясяткаў медычных вырабаў. Галоўным чынам яны прызначаны для экстраннай дапамогі пры параненнях і траўмах, але ў набор уваходзяць і сродкі агульнага прызначэння — прыкладам, антыбіётык, антысептык і анальгетык. Таму яе можна назваць больш пашыранай і ўніверсальнай.

У Расеі пад канец 2022 года таксама перагледзелі склад вайсковых аптэчак. Ужо з 2023 года там пачалі абсталёўваць вайскоўцаў «аптэчкай першай дапамогі індывідуальнай 7-й серыі», ці АПДІ-7. Яе склад больш сціплы: усяго 10 прадметаў. Акцэнт зроблены на першую дапамогу пасля паранення і прыпынак крывацёку. Такая аптэчка больш лёгкая і кампактная за беларускую.

З 2024 года на вайну пачалі адпраўляць аптэчкі 8-й серыі. Іх склад пашырылі да 17 прадметаў. Аднак і ў гэтай версіі па-ранейшаму няма лекавых сродкаў, якія ўваходзяць у беларускую аптэчку. Пры гэтым расейскі падыход уключае тое, чаго няма ў беларускім варыянце: прыкладам, сродкі хімічнай абароны і ліхтарык.

Ёсць і яшчэ адно адрозненне. Беларускую аптэчку паспрабавалі зрабіць максімальнае ўніверсальнай — на ўсе выпадкі. У Расеі, наадварот, рухаюцца да падзелу аптэчкі на некалькі эшалонаў, каб не перагружаць адзін камплект. Першы робяць максімальна кампактным для экстраннай самадапамогі, другі — больш пашыраным. Менавіта па такой логіцы свае аптэчкі распрацоўвае, прыкладам, канцэрн «Калашнікаў». У яго ёсць магчымасць тэставаць іх ва ўмовах рэальных баявых дзеянняў і ўлічваць водгукі вайскоўцаў і лекараў.

Такім чынам, у эфіры «Радыё-Менск» перадачу партыі беларускіх аптэчак расейскім вайскоўцам выдалі за іх прыняцце на ўзбраенне. На справе ў Расеі ёсць уласныя аптэчкі, якія адрозніваюцца ад беларускай і па складзе, і па логіцы ўжывання.