Антыфэйк / фактчэк

29 ліпеня

Вядоўца «Беларусь 1» распавёў, чаму Rutube працуе горш за YouTube. Праверылі яго словы

Rutube маладзей YouTube усяго на год.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 16.07.2024
У Расеі ўначы з 11 на 12 ліпеня пачаліся праблемы ў працы YouTube. Вядоўца тэлеканалу «Беларусь 1» Андрэй Сыч заявіў, што ў краіне ёсць альтэрнатыўныя пляцоўкі, хоць «яны дзесьці лагаюць і падвісаюць». Няўстойлівую працу сэрвісаў супрацоўнік дзяржТБ патлумачыў іх маладосцю ў параўнанні з YouTube. Каманда Weekly Top Fake удакладніла іх узрост.

Павольную працу YouTube у Расеі «Растэлекам» патлумачыў тэхнічнымі праблемамі: Google з краіны сышоў — свае серверы не абслугоўвае, а яны зношваюцца. Аднак некаторыя расейскія медыі са спасылкай на незалежныя крыніцы напісалі, што ўлады РФ наўмысна запавольваюць YouTube і рыхтуюцца да яго поўнага блакавання. Гэта пацвердзіў і кіраўнік камітэту Дзярждумы па інфармпалітыцы Аляксандр Хінштэйн. Ён заявіў, што хуткасць YouTube у Расеі сапраўды запавольваецца наўмысна праз антырасейскую палітыку хостынгу. 

Гэтую навіну 16 ліпеня 2024 года ў эфіры «Радыё Менск» абмеркавалі вядоўца тэлеканалу «Беларусь 1» Андрэй Сыч, галоўны рэдактар «Менскага кур'ера» Кірыл Казакоў і вядоўца радыё Алёна Радоўская. Сыч кажа, што ў Расеі ёсць альтэрнатыўныя пляцоўкі, да прыкладу, Rutube. 

— У іх цяпер выдатна развіта платформа VK, Rutube як глючыць, так і глючыць і працягвае гэта рабіць, — адзначыла Алёна Радоўская. 

— Я не пагаджуся. Rutube ідзе нармальна, усё добра, — адказаў Кірыл Казакоў.

— Я шчыра спадзяюся, што яны яго паправяць... — дадаў Андрэй Сыч.

— Дык мы ўжо два гады шчыра спадзяемся, — запярэчыла Радоўская.

— Вы ведаеце, альтэрнатыўныя пляцоўкі ёсць. Тое, што яны дзесьці лагаюць і падвісаюць, гэта само сабой разумеецца. YouTube не адзін дзень будаваўся, — патлумачыў Сыч. 

YouTube сапраўды развіваецца ўжо 19 гадоў. Відэахостынг запусцілі ў 2005 годзе як пляцоўку для загрузкі відэа карыстальнікаў. Затым яго купіў Google. Зараз платформу наведваюць больш за два мільярды карыстальнікаў у месяц. 

Rutube маладзей YouTube усяго на год. Расейскі відэахостынг працуе з 2006 года. Яго запусцілі два прадпрымальнікі з гораду Арол. Затым Rutube купіў «Газпром-Медыя»: у 2008 годзе — кантрольны пакет акцый, а ў 2020-м — астатнюю частку. Інвестар абяцаў зрабіць расейскі відэахостынг не горшым за YouTube. За апошнія тры гады яго аўдыторыя вырасла ў 15 разоў і складае каля 50 млн карыстальнікаў у месяц.