На нарадзе па новай сістэме рэгулявання цэн, якая прайшла 28 лютага 2025 года, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў тых, хто не задаволены коштам тавараў у Беларусі. Тэлеграм-канал «Пул першага» ў гэты дзень апублікаваў відэа з фрагментам гэтай падзеі.
«А кошты ў нас самыя нізкія ў свеце, самыя нізкія. Яны, можа быць, не задавальняюць усіх, яны ніколі не будуць задавальняць усіх, але яны самыя нізкія ў свеце», — сказаў Лукашэнка.
Кошты ў Беларусі сапраўды адны з самых нізкіх у свеце. Але каманда WTF знайшла мінімум 16 краін, дзе жыць яшчэ танней. У рэйтынгу краін па кошце жыцця за 2025 год, дзе ўлічваюцца цэны на арэнду жытла, прадукты, транспарт і іншыя выдаткі, Беларусь займае 17 пазіцыю з канца сярод 139. Замыкаюць спіс Пакістан, Лівія і Егіпет. Таксама танней жыць у Расеі, Узбекістане і Украіне.
Самай дарагой краінай стала Швейцарыя. Там на месяц толькі на ежу спатрэбіцца €630. Паводле разлікаў складальнікаў рэйтынгу, у Беларусі чалавеку на гэты час пры ўсходнім тыпе харчавання хопіць сумы ад 380 рублёў, а пры заходнім — да 500 рублёў або €150.
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, выдаткі беларусаў на харчаванне яшчэ меншыя: блізу 40% спажывецкіх выдаткаў хатняй гаспадаркі. Гэта прыкладна 630 рублёў на сярэднюю сям'ю.