«Паводле першых вынікаў выбараў у Еўрапарламент, ультраправыя партыі будуць дамінаваць у транснацыянальным парламенце, апярэдзіўшы партыі кіроўных элітаў», — гаворыцца ў допісе тэлеграм-каналу ATN_NEWS за 10 чэрвеня 2024 года.
Тое ж самае сказаў 12 чэрвеня 2024 года ў эфіры АНТ дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Шаўцоў: «Паглядзіце, хто выйграў, — скрайне правыя ў пераважнай большасці. Вось, калі мы бяром Еўрапарламент, хто прыходзіць».
У Еўрапарламенце ў выніку выбараў дамінуюць не скрайне правыя партыі. Але яны сапраўды атрымалі там больш месцаў, чым пасля галасавання пяць гадоў таму. Напрыклад, у Францыі, Аўстрыі і Італіі яны сталі першымі, а ў Нямеччыне — другімі.
На схеме вышэй можна ўбачыць, як размеркаваліся месцы ў Еўрапарламенце паміж рознымі групамі — ад скрайне левых да скрайне правых.
Ультраправымі прынята лічыць дзве крайнія групы. Першая — «Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты», куды, да прыкладу, уваходзяць прадстаўнікі польскай «Права і справядлівасць», італьянскай «Браты Італіі» і некаторыя правыя іншых краін. Другая ўльтраправая фракцыя — «Ідэнтычнасць і дэмакратыя», якой кіруюць францужанка Марын Ле Пен і італьянец Матэа Сальвіні. Разам у гэтых дзвюх еўрапейскіх фракцыяў крыху менш за 20% месцаў у парламенце.
Больш, чым яны, набралі два цэнтрысцкіх блокі — Еўрапейская народная партыя і Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў, але разрыў паміж імі не вялікі.
Баланс сіл у Еўрапарламенце пасля мінулых выбараў радыкальна не змяніўся, лідары ўсё тыя ж — цэнтрысцкія партыі ўтрымалі большасць.
Больш падрабязна аб правых еўрапейскіх партыях БРЦ распавёў у аналітычным матэрыяле Усё за Пуціна? Прарасейскія палітыкі ў ЕЗ — хто яны і наколькі моцныя.