Антыфэйк / фактчэк

03 кастрычніка

Сысці ў адстаўку ці вярнуць Стаўку? Што Уладзімір Салаўёў прапанаваў Пуціну

Тэлевядоўца робіць адсылку да Стаўкі Галоўнага камандавання Узброеных Сілаў СССР, створанай 23 чэрвеня 1941 года, на другі дзень пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 24.09.2024
Беларуская газета «Наша Ніва» пачула ў словах Уладзіміра Салаўёва ў эфіры «Россия 1» заклік да адстаўкі расейскага прэзідэнта. Каманда Weekly Top Fake разабралася, што насамрэч сказаў расейскі тэлевядоўца.

Газета «Наша Ніва» 24 верасня апублікавала навіну пра тое, што тэлевядоўца Уладзімір Салаўёў дапусціў магчымасць адстаўкі Уладзіміра Пуціна дзеля паляпшэння абараназдольнасці Расеі і зніжэння ўзроўню карупцыі ў расейскім Міністэрстве абароны.

«Мала пасадзіць тых, хто вінаваты. Трэба прызначыць на іхныя месцы тых, хто разумее, як дзейнічаць эфектыўна. Для мяне не мае значэння, якога колеру котка, галоўнае, каб яна лавіла мышэй. Таму давайце ўжо пераходзіць да канкрэтных рашэнняў, нават калі дзеля гэтага спатрэбіцца адстаўка Вярхоўнага», — працытавала Салаўёва «Наша Ніва».

У сваім акаўнце ў TikTok выданне апублікавала гэтае відэа з каментаром:

«Толькі паглядзіце, як у беларускага прапагандыста Гігіна і іншых гасцей эфіра паадвісалі сківіцы».

На відэа-фрагмент эфіру праграмы «Воскресный вечер с Соловьевым» ад 22 верасня. Пры запавольванні хуткасці прайгравання відэа ў два разы чуваць, што Салаўёў кажа не «адстаўка», а слова «Стаўка».

Тэлевядоўца робіць адсылку да Стаўкі Галоўнага камандавання Узброеных Сілаў СССР, створанай 23 чэрвеня 1941 года, на другі дзень пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гэты орган з'яўляўся надзвычайным вышэйшым вайсковым кіраўніцтвам, у склад якога ўваходзіла сем чалавек. Першапачаткова яго ўзначальваў Народны камісар абароны Цімашэнка, а пазней — Сталін.

Такім чынам, Салаўёў прапанаваў стварыць у Расеі аналаг Стаўкі Сталіна — Стаўку Пуціна.

Мы звярнуліся ў «Нашу Ніву» па каментар, нам адказалі:

«Дзякуй, што звярнулі нашу ўвагу. Мы меркавалі, што Салаўёў кажа “адстаўка”, бо яно і чутно так, і лагічна ў кантэксце. Рэдакцыя выдаліць гэты ролік».