Старшыня партыі «Белая Русь» Алег Раманаў заявіў, што цывілізаванае грамадства — гэта не Захад, а Беларусь і Расея. У якасці пацверджання ён прывёў афганскую вайну.
«Савецкая армія была ў Афганістане. Але што там рабіў Савецкі Саюз? Ён там будаваў заводы і фабрыкі, пракладаў дарогі, лячыў людзей, бальніцы рабіў. Сыходзячы адтуль, пакінуў цывілізаванае грамадства з нармальнай сістэмай кіравання. Прыйшлі амерыканцы — у колькі разоў вытворчасць наркотыкаў скаканула ў Афганістане?» — сказаў ён 8 сакавіка ў перадачы «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1».
Савецкі Саюз сапраўды пабудаваў 142 інфраструктурных аб'екта. Аднак, паводле мінімальных падлікаў, колькасць ахвяр савецкага ўварвання ў Афганістан у 1979-1988 гадах складае паўмільёна мірных жыхароў. Адно з даследаванняў паказала, што да канца 1987 года ў выніку вайны загінула 9% насельніцтва Афганістана, а агульная смяротнасць склала да паўтара мільёна загінулых. У выніках апытання Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа за лістапад 1999 года гаварылася, што ў 53% рэспандэнтаў член сям'і загінуў на вайне за апошнія 20 гадоў.
Амерыканская армія ўвайшла ў Афганістан у 2001 годзе, пасля тэрактаў 11 верасня. ЗША вывелі свае войскі адтуль праз 20 гадоў. За гэты час там загінула 173 тысячы чалавек. Мірных жыхароў з іх — каля 50 тысяч чалавек.