Рэйтынг краінаў па колькасці суіцыдаў тэлеграм-канал «ЖС Premium» апублікаваў 12 верасня 2024 года.
«Статыстыка па самагубствах. Дзіўная залежнасць: тыя, хто больш за іншых любяць вучыць усіх дэмакратыі, практычна лідзіруюць у гэтым антырэйтынгу. Мабыць, любоў да жыцця і дэмакратыя — зваротна прапарцыйныя», — напісалі аўтары посту і паказалі спіс, пра які ідзе гаворка.
У першай тройцы: Паўднёвая Карэя, Літва і Вугоршчына. Далей — толькі заходнія краіны. Аднак аўтары «ЖС Premium» не ўдакладнілі, што ў спіс увайшлі толькі некаторыя краіны Арганізацыі эканамічнай супрацы і развіцця (АЭСР). Гэта міжнародная арганізацыя, удзельнікі якой прытрымліваюцца прынцыпаў дэмакратыі і рынкавай эканомікі. На момант публікацыі ў яе ўваходзяць 38 краін свету, у асноўным заходнія.
У сусветным рэйтынгу па колькасці суіцыдаў, паводле дадзеных СААЗ за 2019 год (апошнія на момант публікацыі), у лідарах — Лесота, Гаяна, Эсваціні. Затым ідзе Паўднёвая Карэя. З развітых краінаў яна сапраўды першая. На некалькі радкоў ніжэй — Літва. А следам — Расея, Украіна і Беларусь.
У 2018 годзе пачатак спісу быў такім: Лесота, Гаяна, Рэспубліка Карэя, Эсваціні, Мікранезія, Кірыбаці, Літва, Расея, Сурынам, Паўднёвая Афрыка, Беларусь, Украіна. У 2017 годзе першыя тры месцы ў спісе належалі Лесота, Гаяне і Эсваціні, а Расея і Беларусь па колькасці суіцыдаў апярэджвалі ўсе краіны Еўразвязу акрамя Літвы.