Пра кошт вышэйшай адукацыі ў Беларусі і Еўропе гаворка зайшла 3 чэрвеня 2025 года ў праграме «Асцярожна, правакатары» на «Вечаровым палітычным канале».
«Папулярны сярод абітурыентаў кірунак — эканоміка. У Беларускім дзяржаўным універсітэце на платнай аснове першы курс навучання каштуе трохі больш за 6000 беларускіх рублёў. Канверсуем у еўра — атрымліваецца нешта каля €1800. Навучанне на аналагічнай спецыяльнасці ў Варшаўскім універсітэце абыдзецца замежным студэнтам, увага, ад €3000 на год. Сума вышэй амаль удвая, але паступіць туды без ведання мовы будзе цяжка», — распавяла вядоўца.
Навучанне на першым курсе эканамічнага факультэту БДУ сапраўды абыдзецца ў такую суму, як сказала Вікторыя Кірычэнка. Пры высокіх балах можна паступіць і на бюджэт. Навучанне на эканамічным факультэце Варшаўскага ўніверсітэту каштуе не €3000, а €2100. То бок на 17% даражэй, а не ўдвая. Цана аднолькавая і для палякаў, і для замежнікаў. У БДУ для замежнага студэнта навучанне на рускай абыдзецца даражэй — у €3600.
Англамоўныя курсы ў Варшаўскім універсітэце каштуюць больш — ад €3200 да €3500. Але ў БДУ цана яшчэ вышэй — амаль €4500.
Пры гэтым Варшаўскі ўніверсітэт значна апераджае БДУ ў рэйтынгу лепшых ВНУ свету — 258 пазіцыя супраць 387. Апроч таго, беларусы могуць паступіць у польскія ВНУ і на бюджэт. Напрыклад, пры наяўнасці карты паляка, з веданнем польскай мовы на ўзроўні С1 ці статусам міжнароднай абароны.