Пра папулярнасць беларускай адукацыі, якая расце, Андрэй Іванец расказаў у эфіры ток-шоу «По сутнасці» на тэлеканале СТБ 31 сакавіка 2025 года.
«Апошнія гады дынаміка паказвае, што колькасць дзяцей, якія паступаюць у замежныя вну, яна скарачаецца. І гэта вельмі сур'ёзнае зніжэнне. Не толькі гэта датычыцца вну Расеі, але і Польшчы, і іншых краін», — падзяліўся службовец.
Больш за ўсё беларускіх студэнтаў, па дадзеных за 2024 год, вучылася ў Польшчы — амаль 13 тыс. У 2022-м іх было каля 11 тыс. То бок за два гады павелічэнне на дзве тысячы ці прыкладна 20%.
У іншых краінах ЕЗ беларускіх студэнтаў значна менш, чым у Польшчы: у 2022-м у Нямеччыне вучылася каля 1,2 тыс. беларусаў, амаль столькі ж у Літве, у Чэхіі крыху больш за тысячу. За адзін-два гады колькасць у кожнай з іх скарацілася прыкладна на сотню. Аднак прырост у Польшчы гэта кампенсуе.
Расея — гэта другі па папулярнасці кірунак студэнцкай міграцыі пасля Еўразвязу. Паводле дэпартаменту статыстыкі ЕАЭС, у 2022 годзе ў РФ вучылася прыкладна 10 тыс. беларускіх студэнтаў. У 2024-м — каля 12 тыс. Павелічэнне прыблізна 20%. У наступным навучальным годзе — 2025–2026 гады — для беларусаў у Расеі ўвядуць дадатковыя бюджэтныя месцы.
Якой будзе сітуацыя з паступленнем у замежныя вну ў 2025 годзе, пакуль невядома. Восенню 2024-га Аляксандр Лукашэнка звінаваціў у адтоку студэнтаў рэктараў беларускіх вышэйшых навучальных устаноў і даручыў спыніць гэту тэндэнцыю да 1 верасня 2025-га. Каб ускладніць беларусам паступленне ў замежныя навучальныя ўстановы, улады прынялі радыкальныя захады. Дэпартамент якасці адукацыі перастаў выдаваць даведку, што школа, якую абітурыент скончыў, мае акрэдытацыю ў Беларусі. Яе патрэбна падаваць у некаторыя польскія ВНУ. Таксама Менск скасаваў адтэрміноўку ад службы ў войску для студэнтаў, якія вучацца за мяжой, у тым ліку ў Расеі. Але нават калі гэтыя захады і дапамогуць скараціць адток студэнтаў у замежныя вну, адзін год нельга назваць дынамікай апошніх гадоў.