Кантэкст: Фермеры Еўразвязу асцерагаюцца, што іх прадукцыя стане неканкурэнтаздольнай на еўрапейскім рынку. ЕЗ 17 студзеня 2026 года падпісаў гандлёвае пагадненне з краінамі МЕРКАСУР (уваходзяць Бразілія, Аргенціна, Уругвай і Парагвай). Калі яно набудзе моц, на найбліжэйшыя 10 гадоў тарыфы на 90% тавараў з ЕЗ у гэтыя краіны абнуляцца, а імпарт з гэтых краін у Еўразвяз будзе абкладацца па зніжаных стаўках у рамках пэўных квот. Аграрнікі мяркуюць, што не змогуць канкураваць з паўднёваамерыканскімі вытворцамі: у тых менш выдаткаў на гадоўлю сельскагаспадарчай прадукцыі і яны могуць выкарыстоўваць пестыцыды, гармоны і іншыя метады, забароненыя для фермераў ЕЗ. Такая перспектыва выклікала хвалю пратэстаў. Пасля гэтага Еўрапарламент ініцыяваў юрыдычную праверку складзенага пагаднення на адпаведнасць дамовам Еўразвязу. Гэта можа затрымаць ці нават сарваць угоду.
Вядоўца ток-шоу «Думкі» на тэлеканале СТБ Ігар Пазняк расказаў, «з чаго для шмат якіх навічкоў Еўразвязу пачыналася вось гэта аграрная гісторыя»:
«Некалі бязмежныя грэцкія вінаграднікі і бавоўнішчы, а яшчэ латвійскія цукровыя заводы, малочная прамысловасць у Літве і нават, успомніце, знакаміты вугорскі мёд – вось цана, якую ў той ці іншай ступені, а часам спаўна заплацілі некалі навічкі Еўразвязу за ўступленне ў гэта абʼяднанне. Такія былі ўмовы Бруселю: калі вы з намі, як той казаў, будзьце добрыя гуляць па нашых правілах, а вашы нацыянальныя інтарэсы, вашы гістарычныя традыцыі сельгасвытворчасці нам тут не вельмі важныя. І як так атрымалася, што буйныя вытворцы тых ці іншых прадуктаў, загубіўшы сваё, роднае, ператварыліся проста ў рынкі збыту?» – задаўся пытаннем вядоўца ў эфіры 1 лютага 2026 года.
Далей паказалі відэасюжэт, які пачаўся са словаў: «Праект еўрапейскай інтэграцыі, створаны ў 1957 годзе як братэрства народаў, на практыцы ператварыўся ў канвеер па вытворчасці эканамічных інвалідаў».
Каманда WTF праверыла, як змяніўся экспарт харчу краін, якія пералічыў Пазняк, пасля ўступу ў Еўразвяз у 2004 годзе. У абсалютных лічбах у Вугоршчыне гэты паказнік вырас амаль у 5 разоў, у Літве – у 10, а ў Латвіі – у 18. Калі ацаніць узрост без уліку інфляцыі за 20 гадоў, то экспарт у кожнай з гэтых краін з 2003 па 2024 год вырас больш чым удвая. То бок, уступленне ў ЕЗ пашырыла рынкі збыту для іх прадуктаў харчавання.
Асаблівую ўвагу на СТБ надалі Грэцыі:
«Першым чынам уводзіліся цвёрдыя вытворчыя квоты, закліканыя штучна абмежаваць прапанову на рынку новага ўдзельніка Еўразвязу. Прыкладам, Грэцыя, якая ў 80-х гадах мінулага стагоддзя вырабляла звыш 1,5 млн тон бавоўны, з прыходам у ЕЗ скараціла яго прыбіранне на палову».
Само параўнанне з 1980-мі некарэктнае, бо Афіны далучыліся да абʼяднанай Еўропы ў 1981 годзе. Дый не былі 80-я залатым часам для грэцкай бавоўны.
Паводле дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, у 1980 годзе Грэцыя вырабляла яе каля 360 тыс. тон, а пасля ўступу ў Еўразвяз вытворчасць гэтай культуры вырасла. Правілы ЕЗ не абмяжоўвалі галіну, а наадварот падстрахоўвалі яе. Калі рынкавыя цэны валіліся, Еўразвяз даплачваў фермерам розніцу, каб яны не збанкрутавалі. Калі ж бавоўны выраблялі занадта шмат, мінімальную цану маглі зніжаць, каб стрымаць перавытворчасць.
У выніку да канца 1990-х вытворчасць бавоўны ў Грэцыі павялічылася амаль да 1,5 млн тон. З пачатку нулявых яна пайшла на спад, але і сёння краіна гадуе яе ўдвая больш, чым да ўступлення ў ЕЗ.