Антыфэйк / фактчэк

Сёння

«Карпарацыі губляюць трыльёны». Наколькі на СТБ перабольшылі наступствы ўдараў Тэгерану па заходніх рынках

Азаронак і Аўдонін абмеркавалі хаду вайны ЗША і Ізраілю з Іранам.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 11.03.2026
У перадачы «Азаронак. Наўпрост» на СТБ заявілі, што Іран намацаў «кашчэеву іголку ўсяго капіталізму» і зараз заходнія карпарацыі губляюць трыльёны долараў. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што наступствы вайны для фондавага рынку Азаронак і яго суразмоўца моцна перабольшылі.

Кантэкст: Новым вярхоўным лідарам Ірану стаў 56-гадовы Моджтаба Хаменеі — сын загінулага аяталы Алі Хаменеі. У сваёй першай публічнай заяве ён заклікаў да «помсты за кроў нашых пакутнікаў», якія загінулі ў вайне. Сам ён перад камерамі не зʼявіўся: тэкст яго звароту зачыталі ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання. Пры гэтым назіральнікі адзначылі, што Іран стаў наносіць заўважна менш ракетных зваротных удараў па ЗША і Ізраілю ў параўнанні з пачаткам вайны. Міністр абароны ЗША патлумачыў гэта паспяховымі атакамі хаўруснікаў па іранскіх заводах па вытворчасці ракет і пускавых установак. Тым не менш Іран працягвае супраціўляцца, і, па паведамленнях агенцтва Reuters, амерыканская выведка не бачыць прыкметаў калапсу ўлады ў краіне.

Абмяркоўваючы 11 сакавіка 2026 года хаду вайны ЗША і Ізраілю з Іранам у перадачы «Азаронак. Наўпрост» на тэлеканале СТБ, Рыгор Азаронак і палітолаг Аляксей Аўдонін загаварылі пра тое, што Тэгеран нібыта знайшоў спосаб наносіць Захаду асабліва балючую шкоду — не толькі вайсковую, але і эканамічную.

— Чаму Іран пачаў так сістэмна біць па не толькі вайсковых абʼектах, але па грамадзянскіх абʼектах: па гатэлях, па нейкіх інвестыцыях… — сказаў Аўдонін.

— Вось! Вельмі цікавы момант! Глядзіце, здавалася б, сілы вайсковыя сапраўды не роўныя і не роўныя кратна, — працягнуў думку Азаронак. — <...> Але Іран намацаў кашчэеву іголку ўсяго капіталізму. Паглядзіце цяпер на біржы, паглядзіце на фонды, паглядзіце на гандляванні. Паглядзіце на ўсю іх сістэму — яна пачынае дрыжаць. <...> Усе гэтыя Nvidia, Amazon, Pfizer, усе карпарацыі, усе цяпер губляюць трыльёны! Трыльёны!

Іран сапраўды спрабуе наносіць супернікам не толькі вайсковую, але і эканамічную шкоду. Для гэтага ён бʼе ў тым ліку па іх эканамічных і банкаўскіх інтарэсах у рэгіёне. На фоне войны сапраўды зніжаліся акцыі некаторых буйных кампаній — прыкладам, авіяперавознікаў, турыстычных і круізных аператараў.

Аднак маштаб рэакцыі фондавага рынку Азаронак і Аўдонін моцна перабольшылі. Кампаніі, якія пералічыў вядоўца, у цэлым пачуваюцца лепш, чым год таму. Так, буйны вытворца чыпаў Nvidia за апошнія тыдні страціў каля 5%, але гэта звязваюць не з ударамі Ірану па амерыканскіх базах і не з перакрыццём Хурмузскай пратокі, а з перегрэтасцю рынку штучнага інтэлекту. У Pfizer кошт акцый зніжаўся яшчэ да сакавіка. Гэта тлумачыцца сканчэннем тэрміну патэнтаў на шэраг прэпаратаў, якія кампанія вырабляла эксклюзіўна. На кошт акцый Amazon куды мацней паўплывала не развіццё вайны, а заява самай кампаніі пра буйныя ўкладанні ў інфраструктуру.

Важна і тое, што ад зніжэння кошту акцый страты нясуць не самі кампаніі, а інвестары, якія гэтыя паперы купілі. Таму словы пра тое, што менавіта карпарацыі губляюць трыльёны, некарэктныя. Не вытрымлівае праверак і маштаб гэтых страт. Калі рынкавы кошт Pfizer складае каля $150 млрд, не зразумела, якім чынам інвестары маглі страціць на зніжэнні цаны яе акцый трыльёны.

На гэта паказвае і дынаміка асноўных індэксаў дзелавой актыўнасці. За два тыдні вайны тры галоўныя біржавыя індэксы зменшыліся на 2,5–5% (DJI, S&P 500, IXIC). У маштабе года такое зніжэнне выглядае амаль незаўважным.