Кантэкст: Рэальная сярэдняя зарплата ў Латвіі за 2025 год вырасла на 6,3%. Пасля вылічэння падаткаў жыхары краіны ў сярэднім атрымліваюць больш €1300 — гэта прыкладна ўдвая больш, чым у Беларусі.
У выпуску навін «24 гадзіны» на СТБ 5 сакавіка 2026 года распавялі, што «жыхарам Латвіі даводзіцца развязваць няпростае пытанне — як выжыць пасля аплаты камуналкі».
«Цяперашняй зімой цана на электраэнергію ў балтыйскай рэспубліцы вырасла на 83%. Пасля такіх выдаткаў не застаецца грошай элементарна на прадукты. Гэта прызналі нават у кампаніі Latvenergo, якая зʼяўляецца галоўным дастаўнікам электраэнергіі ў краіне. Там пагадзіліся, што такое падвышэнне паўплывала як на бюджэты грамадзянаў, гэтак і на выдаткі прадпрыемстваў. Толькі дапамагчы нічым не могуць, заявіўшы, што вінавата ўва ўсім надворʼе, тэхнічны стан усёй энергасістэмы і тарыфы на газ», — паведаміла вядоўца.
У Latvenergo сапраўды заявілі, што гэтай зімой цана на электраэнергію была прыкладна на 83% вышэйшая за звычайную і складала каля 15 еўрацэнтаў за кілават-гадзіну. Аднак гаворка ішла пра біржавую цану. Фіксаваныя тарыфы для насельніцтва, якімі карыстаюцца каля трох чвэрцяў спажыўцоў, пачынаюцца ад 16 еўрацэнтаў за кілават-гадзіну і ў параўнанні з мінулай зімой не змяніліся.
Рахункі выраслі не з-за падвышэння тарыфаў, а таму, што ў халоднае надворʼе жыхары Латвіі актыўней спажывалі электраэнергію — на 15%. Для часткі спажыўцоў з 1 студзеня таксама ўвялі плату за размеркаванне — адзін са складнікаў тарыфу на электрычнасць. Аднак гэта сума фіксаваная і павялічвае штомесячны рахунак толькі прыкладна на €1–3.