Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Як на СТБ скасаванне ільгот на медпаслугі ператварылі ў змову «паноў» супраць «змагароў і нью-бандэраўцаў»

Вядоўца Мукавозчык заявіў, што Варшава плануе падрэзаць бюджэт на ахову здароўя на 30%.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 27.10.2025
У Польшчы хочуць амаль на траціну скараціць фінансаванне аховы здароўя, каб «нашыя змагары і ўкраінскія нью-бандэраўцы» не маглі карыстацца «панскай дапамогай», расказаў супрацоўнік «СБ. Беларусь сёння» Андрэй Мукавозчык. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што калумніст не разабраўся ў навелах польскага заканадаўства і ўнёс уласныя папраўкі. 

Змову «паноў» супраць «лішніх людзей» калумніст «СБ. Беларусь сёння» Андрэй Мукавозчык выкрыў 27 кастрычніка 2025 года ў перадачы «Пытанні ад бландынак» на тэлеканале СТБ. 

«Геніяльны план кіруючых польскіх уладаў даволі просты. Ужо цяпер, па іх падліках, прыкладна траціна бюджэтнага фінансавання [грамадскай аховы здароўя] ідзе ў Польшчы на збеглых — на нашых змагароў і ўкраінскіх нью-бандэраўцаў. І калі, думаюць тускаўцы, скараціць фінансаванне на гэтыя 30%, то акурат лішнія людзі ў Польшчы не змогуць карыстацца панскімі палёгкамі», — распавёў Мукавозчык.

Польскі бюджэт-2026 сапраўды адрозніваецца ад бюджэту на гэты год, але замест скарачэння выдаткаў на ахову здароўя, як заявіў вядоўца, Варшава мае намер павялічыць іх на 12%. Для параўнання: 2025 годзе гэты артыкул у польскім бюджэце закладваўся ў 14 разоў большым, чым у беларускім, хоць колькасць насельніцтва краін адрозніваецца ў чатыры разы. 

Адзінае, што скараціў польскі ўрад у бюджэце на ахову здароўя, — гэта выдаткі на пакрыццё некаторых медычных паслуг для ўкраінцаў у Польшчы, якія не аплочваюць медычную страхоўку. То бок для паўналетніх грамадзянаў Украіны, якія прыехалі ў краіну пасля пачатку вайны і атрымалі статус часовай абароны, скасавалі надзвычайныя палёгкі. 

Да гэтага яны маглі карыстацца паслугамі аховы здароўя нароўні з палякамі, але, у адрозненні ад палякаў, не плацілі за іх. Зараз украінцам трэба або купляць страхоўку, або плаціць за асобныя паслугі, напрыклад, за прыём у стаматолага, фізіятэрапію, рэабілітацыю і частку рэцэптурных лекаў.

Беларусаў гэтыя змены не тычацца, таму што ў іх і раней не было права на дармовае медычнае абслугоўванне, як і ў іншых замежнікаў у Польшчы, апроч украінцаў.

Польскае Мінздароўя палічыла, што прынятыя змены зэканомяць з кастрычніка 2025-га па сакавік 2026-га каля 30 млн злотых ці амаль €7 млн. Гэта толькі дзясятая частка агульных выдаткаў на паслугі аховы здароўя для грамадзянаў Украіны, прадугледжаных на гэты перыяд. Шмат якія паслугі для іх па-ранейшаму дармовыя.