Антыфэйк / фактчэк

06 мая

Замест 40% збяднелых палякаў у вядоўцы СТВ атрымалася амаль 70%

На СТБ расказалі пра апытанне, як палякі ацэньваюць сваё фінансавае становішча.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 24.04.2025
Амаль у 40% апытаных палякаў фінансавае становішча ў параўнанні з 2024 годам пагоршылася, у 27% — пагоршылася значна, расказала вядоўца «Навінаў» на СТБ. Яна спаслалася на вынікі апытання, праведзенага ў Польшчы. Каманда Weekly Top Fake знайшла ў яе словах маніпуляцыю.

Пра пагаршэнне матэрыяльнага становішча палякаў вядоўца СТБ расказала ў навінавым выпуску 24 красавіка 2025:

«Больш траціны палякаў лічаць, што сталі значна бяднейшымі. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага Інстытутам рынкавых і сацыяльных даследаванняў. Яго адмыслоўцаў цікавіла, як жыхары краіны ацэньваюць свой матэрыяльны стан, як спраўляюцца з інфляцыяй і ўзростам цэн на прадукты харчавання. Вынікі не даюць нагоды для радасці. Амаль 40% апытаных сказалі, што іх фінансавае становішча пагоршылася ў параўнанні з мінулым годам, а 27% прызналіся, што яно стала нашмат горш. Больш паловы палякаў расказалі, што іх выдаткі нашмат выраслі».

З яе словаў вынікае, што на пагаршэнне жыццёвага ўзроўню скардзяцца больш за дзве траціны палякаў: 40% плюс 27%. Вядоўца спаслалася на апытанне Інстытуту рынкавых і сацыяльных даследаванняў. Яго вынікі сапраўды паказалі, што пагаршэнне дабрабыту адчулі на сабе каля 40% апытаных. Але гэтая колькасць улучае і тых, хто лічыць, што стаў значна бяднейшы. Апошніх сярод 40% — 12%, а не 27%, як сказала вядоўца.

У «Навінах» таксама не ўзгадалі, што больш за чвэрць апытаных заявілі, што іх дабрабыт вырас, а для штотрэцяга нічога не памянялася.

Каманда WTF знайшла ў экспертаў незалежнага даследчага цэнтру BEROC адказы беларусаў на падобныя пытанні. Напачатку 2025 года амаль чвэрць апытаных заявіла пра скарачэнне сваіх прыбыткаў, 23% — пра падвышэнне, у большасці — нічога не змянілася.