Антыфэйк / фактчэк

05 лютага

Палічылі, на колькі памыліўся Сыранкоў, параўноўваючы дапамогу па беспрацоўі з мінімальнай зарплатай

Мінімальная заработная плата ў Беларусі з 1 студзеня 2025 года складае 726 рублёў у месяц. Гэта прыкладна €204.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 27.01.2025
Дапамога па беспрацоўі ў сельскай мясцовасці нязначна адрозніваецца ад мінімальнай зарплаты на прыватным прадпрыемстве, расказаў кіраўнік Кампартыі Беларусі Сяргей Сыранкоў. Каманда Weekly Top Fake высветліла, у колькі разоў экс-кандыдат у прэзідэнты завысіў памер выплат беспрацоўным.

Пра змаганне з сацыяльным утрыманствам у Беларусі кіраўнік Камуністычнай партыі Сяргей Сыранкоў гутарыў з Рыгорам Азаронкам у эфіры «Азаронак. Наўпрост» 27 студзеня 2025 года. Ён прапанаваў заканадаўча замацаваць абавязак кожнага грамадзяніна краіны працаваць. Бо, паводле слоў палітыка, некаторыя не працуюць, але пры гэтым атрымліваюць дзяржаўныя даброты, «не аддаючы наўзамен нічога».

«Умоўна, там, недзе ў сельскай мясцовасці, дапусцім, атрымліваючы тую ж дапамогу па беспрацоўі, якая нязначна, дапусцім, адрозніваецца, магчымы, у грашовым выразе ад мінімальнай заработнай платы недзе ў асобным нейкім прадпрыемстве, можа, прыватнай нават формы ўласнасці і гэтак далей. Дык навошта, умоўна, мне працаваць і гэтак далей? Калі табе не пасуе такая пазіцыя, мы табе ўжыванне знойдзем», — сказаў Сыранкоў.

Мінімальная заработная плата ў Беларусі з 1 студзеня 2025 года складае 726 рублёў у месяц. Гэта прыкладна €204.

Да 2025 года максімальны памер дапамогі, якую мог атрымаць беспрацоўны, дасягаў дзвюх базавых велічынь. На момант публікацыі нататкі гэта было б 84 рублі ў месяц ці €23, што ў 8,5 разу менш за мінімальны заробак. Аднак з новага года памер дапамогі зменшылі і зафіксавалі — 40 рублёў ці крыху больш €10. То бок розніца паміж мінімальнай зарплатай і дапамогай па беспрацоўі — больш за 18 разоў.

Апроч таго, з 2025 года тэрмін выплаты дапамогі па беспрацоўі скарацілі з шасці месяцаў да трох, а вымогі да патэнцыйнага атрымальніка зрабілі больш жорсткімі. Напрыклад, раней на такую дапамогу маглі разлічваць нават тыя, хто нідзе яшчэ не працаваў. Зараз — толькі людзі, якія маюць мінімум пяцігадовы стаж.