Пост з параўнаннем падатковых сістэм у краінах Еўропы апублікавалі 5 чэрвеня 2025 года ў тэлеграм-канале BelVestnik.
«У Беларусі дзее адна з самых нізкіх ставак падатку на прыбыткі фізічных асоб сярод краін Еўропы. Наша падатковая сістэма простая і даступная для грамадзянаў. Такая палітыка спрыяе фінансавай стабільнасці насельніцтва, а таксама дазваляе кожнаму беларусу адчуваць падтрымку дзяржавы і ўпэўненасць у заўтрашнім дне», — сказана ў посце.
Да яго прымацавалі інфаграфіку з дадзенымі пра памеры падатку на прыбытак у розных краінах Еўропы. Па ёй, у Беларусі — 13%, у Польшчы — 32%, а ў Нямеччыне і Францыі, напрыклад, — 45%.
У шмат якіх краінах Еўропы дзейнічае прагрэсіўная сістэма падаткаабкладання. То бок, чым вышэй прыбытак, тым больш падатак. Напрыклад, у Польшчы, людзі, якія зарабляюць да 30 тыс. злотых у год ці каля €7 тыс., вызваляюцца ад падатку. Тыя, чый гадавы заробак меней €28 тыс. у пераліку, плацяць 12% падатку, але толькі з той часткі, якая перавышае суму, вольную ад падатку. І толькі прыбытак вышэй €28 тыс. абкладаецца 32% падаткам, як напісалі аўтары тэлеграм-каналу.
У Францыі таксама дзее прагрэсіўная падатковая сістэма. Частка прыбытку не абкладаецца падаткам, стаўка павялічваецца па меры ўзрастання заробку. Падатак у 45% адсоткаў ужываецца толькі да сум, што перавышаюць €180,5 тыс. у год.
Аналагічная сістэма ў Нямеччыне: максімальная стаўка шырыцца на частку прыбытку звыш €277 тыс. у год.
Каманда WTF палічыла, колькі падаткаў плацяць статыстычныя беларус і паляк. Сярэдні заробак у Беларусі ў красавіку 2025 года — каля €740 у месяц, ці прыкладна €9 тыс. у год. З гэтай сумы плацяць 13% падаходнага падатку. У Польшчы сярэдні заробак у красавіку быў крыху вышэй за €2,1 тыс. у эквіваленце ці трохі больш €25 тыс. у год. З іх €7 тыс. не абкладаюцца падаткам. З рэшты плацім 12%, але з падатку адымаецца яшчэ каля €840. У выніку падатак выходзіць прыкладна 5,5% ад усяго прыбытку. Атрымліваецца, што сярэдні беларус плаціць большы адсотак падаходнага падатку, чым сярэдні жыхар Польшчы.