Антыфэйк / фактчэк

14 лютага

Ціханоўская зарэгістравала ў Польшчы фонд на імя палітзняволенага філосафа? Развянчанне фэйка ад «Нашай Нівы»

Праўладны тэлеграм-канал нібыта раскрыў афёру Аб'яднанага пераходнага кабінета.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 05.01.2024
Праўладны тэлеграм-канал нібыта раскрыў афёру Аб'яднанага пераходнага кабінета. Аўтары «ЖС Premium» напісалі, што Святлана Ціханоўская зарэгістравала фонд на імя асуджанага ў 2021 годзе філосафа. «Наша Ніва» праверыла гэта і патлумачыла, што да чаго. 

У пасце «ЖС Premium» за 5 студзеня 2024-га гаворыцца, што ў красавіку 2023 года Мацкевіча (БРЦ звярнуў увагу, што ў посце прозвішча напісана з памылкай, прапушчана літара «к» — Мацэвіч) прызначылі «зіц-старшынём праўлення фундацыі "Аб'яднаны пераходны кабінет”». Да паведамлення прымацаваны скрыншот, які пацвярджае гэта. 

«Гэта вельмі зручна: пакуль крымінальнік адбывае пакаранне, ад яго імя можна пракручваць любыя афёры. Тым больш што на 2024 ЗША і ЕЗ паабяцалі 60 мільёнаў еўрадолараў — і ўсё гэта трэба паспець хітра скрасці, паставіўшы пад ліпавымі справаздачамі падробленыя подпісы фэйкавага старшыні», — гаворыцца ў допісе.

Тое, што Аб'яднаны пераходны кабінет зарэгістраваў фонд на чале з Мацкевічам, — праўда. Толькі на імя аўтары праўладнага тэлеграм-каналу ўвагі не звярнулі. «Таго самага "філёзяфа”, які сядзіць на нарах з 2021", як яны выказаліся, клічуць Уладзімір. А старшыня фонду — Валерый. І да Уладзіміра Мацкевіча ні фонд, ні Валерый Мацкевіч не маюць дачынення. 

Крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай / Валерый Мацкевіч

У кастрычніку 2023 года Святлана Ціханоўская прызначыла палітыка і грамадскага дзеяча Валерыя Мацкевіча кіраўніком апарату Аб'яднанага пераходнага кабінету. Ён з Бабруйску, яму 40 гадоў. У канцы 1990-х Валерый адкрыў у горадзе філіял «Маладога фронту». З 2012 года ён займаўся прадпрымальніцтвам і адышоў ад палітыкі. Аднак у 2020-м Мацкевіч далучыўся да выбарчага штабу Валерыя Цапкалы. Увосень пасля прэзідэнцкіх выбараў ён з'ехаў з Беларусі.

Уладзімір Мацкевіч — вядомы беларускі філосаф, метадолаг, навуковец, тэлевядоўца, грамадскі і палітычны дзеяч. З 2011 па 2016 гады ён быў кіраўніком Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь». Мацкевіч адкрыў у Менску Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў і быў заснавальнікам сучаснага ўніверсітэту ў Беларусі «Лятучы ўніверсітэт». 23 чэрвеня 2022 года Менскі абласны суд прысудзіў Мацкевіча да пяці гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем, а таксама ва ўдзеле ў групавых беспарадках і ў абразе Лукашэнкі.